Кантрабанда замест эканомікі? Чалы патлумачыў, як Лукашэнка “перайграў сам сябе”
Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Для Лукашэнкі кантрабанда стала больш істотнай, чым рэальная макраэканамічная палітыка Беларусі. Пра гэта ў эфіры Радыё Свабода заявіў аналітык Сяргей Чалы.
— Калі Лукашэнка абвінавачвае літоўцаў у кантрабандзе, ён насамрэч апісвае свае дзеянні, — сказаў ён, дадаўшы, што схемы перакідкі цыгарэтаў ды іншых тавараў пры дапамозе тысячы паветраных балонаў паказваюць: “для яго кантрабанда — тое, што бліжэй да сэрца, а страты, якія нясуць ўсе іншыя, размазаныя тонкім слоем па іншых прадпрыемствах”.
Чалы таксама адзначыў, што нават ціск на суседнія еўрапейскія краіны быў часткай спробаў Лукашэнкі прымусіць Захад зрабіць крок у яго бок.
– Ён хацеў націснуць на Польшчу і Літву, думаючы, што існуе нейкі “Вашынгтонскі абкам”, які загадае Літве вярнуць транзіт калійных угнаенняў... Але ўсё пайшло наадварот, — падкрэслівае аналітык. Паводле яго, у выніку “шантаж больш не ўспрымаецца як інструмент сілы”, і Лукашэнка “перайграў сам сябе”.