Калі данаты — злачынства. Гісторыя беларуса і яго ўзаемаадносін з КДБ
Беларусаў вылічваюць па данатах праз Facebook / lrt.lt
Бурныя падзеі 2020 года дагэтуль маюць свае наступствы. Людзей саджаюць у турмы, выпісваюць гіганцкія штрафы, звальняюць з працы, тысячы людзей эмігравалі, рэпрэсіям не відаць канца. У метадах барацьбы з "нязгоднымі" рэжым Лукашэнкі ўсё часцей звяртаецца да новых выдасканаленых спосабаў. Адзін з іх — спагнанне велізарных сум з тых, хто калі-небудзь падтрымліваў грашыма беларускія грамадскія фонды.
Такая гісторыя адбылася і з Міхаілам, які працаваў на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў. Мужчыну выклікалі на допыт у КДБ, праверылі тэлефон і прымусілі кампенсаваць суму даната на рахунак адной з дзяржаўных сацыяльных устаноў.
Еўрарадыё высветліла, як праходзіла гутарка з сілавіком і як пасля гэтага склаўся далейшы лёс Міхаіла.
“Спрабаваў дапамагчы людзям”
У 2020 годзе, яшчэ да выбараў 9 жніўня, мужчына пачаў актыўна ўдзельнічаць практычна ва ўсіх акцыях пратэсту, якія ладзіліся ў яго горадзе. Ён не мог заставацца ўбаку і абыякава глядзець на відавочны крымінал з боку рэжыму. Разгоны акцый, збіццё і нават забойствы мірных пратэстоўцаў не пакінулі яго абыякавым.
— Я спрабаваў хоць неяк дапамагчы людзям, не хацеў заставацца абыякавым, таму пару разоў пералічыў невялікія сродкі праз Facebook на дапамогу тым, хто пацярпеў ад беззаконня карнікаў, — кажа мужчына.
Пасля завяршэння актыўнай фазы пратэстаў у 2020 годзе кіраўнік прадпрыемства выклікаў Міхаіла на размову праз яго пазіцыю. Паводле яго слоў, пагроз не было, проста пагаварылі пра тое, як усім важна захаваць сваё працоўнае месца.