Калеснікава — у статусе падазраванай па крымінальнай справе аб "захопе ўлады"
Марыя Калеснікава праходзіць як падазраваная па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). Пра гэта паведаміла яе адвакатка Людміла Казак.
Адвакатка сустрэлася з Калеснікавай у СІЗА №1 ("Валадарка"), куды яе змясцілі.
"З Марыяй усё ў парадку, ніякіх працэсуальных дзеянняў пакуль не адбывалася", — перадае TUT.by словы Казак.
Марыю Калеснікаву выкралі зранку 7 верасня ў цэнтры Мінска. Амаль суткі пра яе месцазнаходжанне было невядома. Пад раніцу 8 верасня яе спрабавалі вывезці з Беларусі ва Украіну. Аднак яна парвала свой пашпарт і адмовілася з'язджаць з Беларусі. Пасля гэтага Памежны камітэт яшчэ суткі адмаўляўся казаць, дзе знаходзіцца затрыманая Калеснікава.
Шасцёра з чальцоў прэзідыўму Каардынацыйнай рады затрыманыя або выціснутыя за межы краіны. У Беларусі і на волі засталася толькі нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.
Крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады Генпракуратура пачала 20 жніўня. Усіх чальцоў прэзідыўму КР, а таксама некаторых іншых сяброў рады выклікалі на допыты ў Генпракуратуру.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.