Калекцыю карцін Віктара Бабарыкі прадаюць з аўкцыёну

Файбіш-Шрага Царфін "Чырвоны замак". Карціна з калекцыі Віктара Бабарыкі

Файбіш-Шрага Царфін "Чырвоны замак". Карціна з калекцыі Віктара Бабарыкі / e-auction.by

Дзяржава прадае з аўкцыёну 19 твораў мастацтва з калекцыі Віктара Бабарыкі. Адпаведныя абвесткі з'явіліся на сайце "БелЮрЗабеспячэння".

Найбольш танна прадаюцца пяць гравюр з выдання Old and New London — A Narrative of its History, its People and its Places ("Стары і Новы Лондан: аповед пра яго гісторыю, людзей і месцы") канца XIX стагоддзя. Стартавы кошт кожнай з іх — 165 рублёў.

Самы дарагі лот — карціна "Арлекін" французска-польскага мастака Яўгена Зака. Яе ацанілі ў 99 312 рублёў.

Таксама сярод карцін, выстаўленых на продаж, ёсць творы мастакоў Парыжскай школы з Беларусі — Міхаіла Кікоіна, Восіпа Любіча, Файбіша-Шрагі Царфіна.

Агульны стартавы кошт усіх твораў мастацтва, выстаўленых на аўкцыён, — каля 344 тысяч рублёў, падлічыла "Зеркало". Але падчас аўкцыёну цэны могуць вырасці. Таргі прызначаныя на 8 кастрычніка.

Экс-старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка ў 2020 годзе вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Аднак яму нават не дазволілі зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты: у чэрвені яго арыштавалі разам з сынам па дарозе ў Цэнтрвыбаркам.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд прысудзіў Бабарыку атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі загадзя злачынным шляхам. Сам Бабарыка на судзе сваю віну не прызнаў.

Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасць Віктара Бабарыкі, у тым ліку аўтамабіль і гадзіннік.

Калекцыю карцін Віктара Бабарыкі прадаюць з аўкцыёну
"Арлекін" Яўгена Зака з калекцыі Віктара Бабарыкі / e-auction.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.