Качанавай патэлефанавалі 25 чалавек, пра каранавірус спытаў толькі 1

Качанавай патэлефанавалі 25 чалавек, пра каранавірус спытаў толькі 1

Старшыня Савета Рэспублікі Беларусі Наталля Качанава правяла прамую лінію, падчас якой адказвала на пытанні грамадзян. Як паведамляе БЕЛТА, патэлефанавалі 25 чалавек і толькі адзін з іх меў пытанне наконт каранавіруса. Найхутчэй яно датычыла межаў, якія наша краіна, у адрозненне ад усіх суседзяў, не закрывае.

"Закрыўшы межы, мы праблему не вырашым", — заявіла Качанава. Яна нагадала, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя не лічыць такі крок эфектыўнай мерай барацьбы з распаўсюдам каранавіруса. Таму Беларусь і выканала рэкамендацыі гэтай структуры. Пры гэтым, заявіла Качанава, "у краіне прымаюцца адэкватныя меры". І ніякай "надзвычайнай сітуацыі" няма. Робіцца ўсё, каб беларусы былі ў бяспецы, запэўніла падчас прамой лініі спікер Савета Рэспублікі. Паводле яе слоў, узмоцнены санітарна-каранцінны кантроль і ў пунктах пропуску на межах, і ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

На 18 сакавіка ў Беларусі паводле афіцыйных звестак налічваецца 51 выпадак заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19. Аднак клінічныя прыкметы маюць толькі 9 чалавек.  Пяць пацыентаў ужо вылечыліся і выпісаныя з бальніц.

Пра што пыталіся іншыя 24 чалавекі, якія датэлефанаваліся да Наталлі Качанавай? Пра капітальны рамонт дамоў, працу камунальных службаў, пра зямлю. Вось што хвалюе гэтых людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.