Каб не плаціць заробак работнікам, мінчук парэзаў сябе нажом (фота)

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Мінску выкрылі хітры сцэнар прысабечвання грошай. Каб заблытаць праваахоўнікаў, мінчук імітаваў разбойны напад на сябе.

Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, медыкі паведамілі, што ім паступіў 38-гадовы мужчына з нажавым раненнем брушной поласці. Пацярпелы распавёў, што на яго напаў невядомы мужчына, якога ён падвозіў на аўтамабілі.

Праваахоўнікам мінчук паведаміў, што працуе начальнікам участка на адным з будаўнічых прадпрыемстваў і перыядычна займаецца прыватнымі перавозкамі. На адной з вуліц да яго ў аўтамабіль на пярэдняе пасажырскае сядзенне падсеў мужчына. Падчас руху ў салоне выпадкова адкрыўся бардачок, дзе было каля 38 мільёнаў рублёў — заробкі супрацоўнікаў прадпрыемства. Пасажыр, нібыта, схапіў вялікі кухонны нож, які ляжаў у паглыбленні дзверкі аўто, і параніў ім кіроўцу. Потым ён забраў усе грошы з бардачка і ўцёк.

Міліцыянты перадалі інфармацыю пра нападніка ўсім нарадам у раёне меркаванага нападу. Аднак падчас далейшага вышуку ў іх выклікалі сумнеў сведчанні пацярпелага.

Высветлілася, што ніякага разбойнага нападу не было. Мужчына проста надумаў прысабечыць грошы. А для праўдападабенства ён нават імітаваў замах, параніўшы сябе нажом.

Міліцыя кваліфікуе яго дзеянні як заведама ілжывы данос. Мінчуку пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Фота: guvd.gov.by