Ігар Шуневіч: Вадамёты ў нас на базе МАЗ, але набылі і два замежныя
Жаданне наведаць выставу “Чалавек і бяспека” тлумачыцца проста: хочацца на ўласныя вочы ўбачыць тыя навінкі, з дапамогай якіх праваахоўныя органы будуць забяспечваць нашу бяспеку ўжо заўтра.
Нягледзячы на тое, што на адкрыцці прысутнічаюць вышэйшыя чыны з усіх сілавых і не толькі структур, экскурсію па выставе ладзяць практычна для аднаго міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Ён па чарзе з зацікаўленым выглядам слухае, то пра новыя касцюмы пажарных, то пра ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС і нешта жартуе наконт памераў жывёл, чучалы якіх стаяць ля стэнда адпаведнага Дэпартамента.
Спыняецца ля павільёна ДАІ. Дакладней — ля матацыкла. Відавочна, такім чынам ДАІшнікі хваляцца папаўненнем аўтапарка.
Ад некага з суправаджэння Ігара Шуневіча жартаўлівым тонам гучыць пытанне пра кошт гэтых “харлеяў”. Але адказу ад прадстаўніка ДАІ няма — ён хутка пачынае хваліцца тэхнічнымі характарыстыкамі матацыкла: “Аб’ём рухавіка — 1,8! Машына — звер!” Аднекуль з-за спін дэлегацыі чую шэпт: “Відаць, тысяч 30 долараў такі звер каштуе не менш”.
Ну, і гэтак далей — усё прыгожа, урачыста, бяспечна і стабільна. Адпаведна, ўзнікае пытанне да галоўнага ахоўніка нашай бяспекі: цяпер, паглядзеўшы на ўсе гэтыя “цацкі”, мы можам спаць спакойна на ўсе сто?
Ігар Шуневіч: “Стоадсоткавую бяспеку не можа гарантаваць ніхто, вы гэта самі выдатна разумееце. Гэта звязана не толькі з нашымі магчымасцямі: сёння свет дастаткова небяспечны і новыя пагрозы з’яўляюцца з развіццём навукі, тэхналогій, крымінальнага таленту, які прагрэсіруе гэтак жа, як прагрэсіруе навука супрацьдзеяння гэтаму таленту. Мы проста імкнёмся не адставаць ад часу і мець у сваім арсенале ўсё самае перадавое. Пытанне толькі ў фінансах і таму сёння ідзе арыентаванне на тое, што можна зрабіць унутры краіны”.
Праўда, ужо ў другой частцы адказу міністр пачынае распавядаць пра тое, што ў іх дастаткова тэхнічных сіл і сродкаў для таго, каб забяспечыць бяспеку па самым шырокім спектры, пачынаючы ад асабістай бяспекі грамадзяніна і заканчваючы бяспекай маёмасці, аб’ектаў і гэтак далей. І дае сваю ацэнку ўзроўню бяспекі ў краіне: “дастаткова высокі”.
Прызнацца, ідучы на выставу я спадзяваўся ўбачыць тыя новыя вадамёты, якія, нібыта, не так даўно набыло МУС. Словы міністра пра арыентацыю на айчынную вытворчасць гэтую цікаўнасць толькі падштурхнулі — набылі ж вадамёты замежныя! Вось, бы гэтыя новыя вадамёты паглядзець…
Ігар Шуневіч: Якія новыя? Нашы, айчынныя, нашай вытворчасці. Мы абнаўляем парк: старыя спісваем, новыя набываем. А паглядзець… Можаце паглядзець: звычайны вадамёт на базе МАЗа.
Еўрарадыё: А інфармацыя, што набылі замежныя дарагія вадамёты — няпраўда?
Ігар Шуневіч: Не, праўда, мы набылі дзве машыны для абароны асабістага складу. Яны адрозніваюцца ад нашых толькі бранёй.
Цікаўлюся, як будзе рэагаваць МУС на крытыку з боку кіраўніка дзяржавы, што прагучала ў бок міліцыянераў падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі? У адказ чую нечаканы:
“А вы ведаеце змест гэтай крытыкі? Наўрад ці! Крытыка, якая прагучала ў адрас некаторых міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку і МУС, будзе ўлічаная ў працы. Яна традыцыйна тычыцца нашай дзейнасці і мы заўжды гэтую крытыку ўлічваем, бо ўсе парады і даручэнні, якія дае кіраўнік краіны, мы, безумоўна, выконваем”.
Магчыма, усю крытыку я сапраўды і не чуў, але хапае і таго, што было агучана. Цытую: “Асаблівая ўвага прэзідэнта — да стылю і метадаў працы супрацоўнікаў МУС. Міліцыянеры заўжды навідавоку, таму любое неахайнае стаўленне да працы ці знявага да грамадзян уздымае грамадскі рэзананс, які перакрывае шматгадовыя дасягненні”.
Праўда, нічога з таго, што дапамагло б сілавікам справіцца з “неахайным стаўленнем да працы ці знявагай да грамадзян” я на выставе “Чалавек і бяспека” не заўважыў. Затое, наведвальнікам выставы праваахоўнікі прадэманстравалі свае ўменні ў затрыманні, спыненні і разгоне… антысацыяльных элементаў.