Ідэолагі абураны маўчаннем працаўнікоў прадпрыемстваў: не задаюць пытанні
Ад удзельнікаў сходаў будуць патрабаваць "актыўнасці" / krupki.by
Ідэолагі абураны маўчаннем на сходах працаўнікоў прадпрыемстваў. Гэтая "праблема" была агучана ў пятніцу на пасяджэнні калегіі камітэта ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. На ёй прысутнічаў міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.
На пасяджэнні заявілі пра "неабходнасць удасканальваць сістэму ваенна-патрыятычнага выхавання насельніцтва". Ідэолагі за 2023 год арганізавалі ў вобласці аж 740 "дыялогавых пляцовак", на якія прымусова сабралі больш за 40 тысяч чалавек. Але цяпер ужо патрабуецца не колькасць, а "якасць" такіх мерапрыемстваў. Высвятляецца, што "падчас асобных сустрэч ад работнікаў прадпрыемстваў не прагучала ніводнага пытання", піша gp.by. Цяпер "адсядзець" моўчкі сход ужо мала, ад удзельнікаў будуць патрабаваць "актыўнасці".