Гулак — пра заяву Шуневіча: Устаноўкі ў справе недазволеных акцый памяняліся

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, падчас справаздачы кіраўніка МУС Ігара Шуневіча паставіў задачу імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям, і не звяртаць увагі на заявы Еўрасаюза і Дзярждэпартамента ЗША.
У той жа дзень у інтэрв'ю "Беларусь 1" Ігар Шуневіч паабяцаў імгненна распраўляцца з любымі забароненымі мерапрыемствамі: "Ні адна акцыя, не санкцыянаваная ўладамі, не адбудзецца, — сказаў ён. — А калі нават пачнецца, то будзе спыненая вельмі хутка, эфектыўна, на падставе дзеючага заканадаўства".
Старшыня "Беларускага хельсінскага камітэта" Алег Гулак мяркуе, што пасля такіх заяў, праваахоўныя органы атрымалі карт-бланш на "эфектыўнае спыненне акцый":
"Як гэта будзе адбывацца, мы не ведаем. Можна быць упэўненымі, што тая логіка падзей, якая была цяпер — яна была ўхваленая. Прынамсі, складваецца такое ўражанне. Падобна на тое, што ўлады лічаць такія меры "меншым злом", чым потым разганяць тых, хто сабраўся на вуліцы. Цікава, што Шуневіч яшчэ нядаўна казаў пра несанкцыянаваныя акцыі, што знойдзены баланс у дасягненні патрэбнага эфекту. Гэта казалася ў той момант, калі шырока ўжывалася практыка затрыманняў пасля акцый і выпісвання штрафаў на сурʼёзныя сумы арганізатарам. Тады гэта лічылася эфектыўным. Аднак падобна на тое, што ўстаноўкі памяняліся. Хоць законы засталіся ранейшымі".
25 сакавіка адбыўся разгон людзей на плошчы Якуба Коласа, якія збіраліся прайсці шэсцем да Опернага тэатра. За некалькі дзён да акцыі пачаліся затрыманні патэнцыйных удзельнікаў, у тым ліку Уладзіміра Някляева і Максіма Вінярскага. У сам дзень акцыі за краты трапіў і Мікалай Статкевіч. Паводле звестак праваабаронцаў, усяго на плошчы сілавікі затрымалі не менш за 110 чалавек.