Грузія канчаткова адмовіла праваабаронцу Раману Кісляку ў прытулку

Раман Кісляк

Раман Кісляк / фота з акаўнту ў Фэйсбуку

11 ліпеня апеляцыйны суд у Тбілісі пастанавіў адхіліць скаргу беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка. Такім чынам суд падтрымаў пазіцыю Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, які адмовіў палітуцекачу ў атрыманні палітычнага прытулку.

"Тбіліскі апеляцыйны суд скасаваў рашэнне гарадскога суда і пакінуў у сіле рашэнне Дэпартамента міграцыі пра адмову мне ў прытулку. Гэта поўная адмова", — расказаў Кісляк у гутарцы з выданнем "Позірк". Ён дадаў, што рашэнне канчатковае і не можа быць абскарджанае ў грузінскіх інстытуцыях.

Судовае пасяджэнне па скарзе беларуса адбылося тыдзень таму. Падчас працэсу выступіў сам Кісляк, яго адвакат, прадстаўнік аддзела міграцыі МУС. Суддзя, як кажа праваабаронца, задаваў шмат пытанняў. Кісляк расказваў пра сістэмны характар катаванняў у Беларусі. "Мы паказалі партрэты Ціханоўскага да арышту ў 2020 годзе і пасля. Суддзя сказаў, што ён у курсе, нават глядзеў стрым Сяргея Ціханоўскага пасля вызвалення", — згадвае праваабаронца.

Кісляк падкрэслівае, што рашэнне па яго справе вынес суддзя Атар Січынава, які працаваў у Канстытуцыйным судзе, балатаваўся на пасаду суддзі Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Пасля сённяшняга рашэння беларус мае 30 дзён на тое, каб пакінуць Грузію. "Але як бы куды выязджаць, калі пашпарт закончыўся. У гэтай сітуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь. Тут шмат пытанняў", — каментуе ён.

Кісляк плануе абскардзіць рашэнне грузінскіх уладаў у структурах ААН.

У 2019–2024 гадах Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданні прытулку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.