Грузінская авіякампанія хоча лятаць у Маскву праз Мінск

Грузінская авіякампанія хоча лятаць у Маскву праз Мінск

Грузінская авіякампанія MyWay Airlines вядзе перамовы з авіяцыйнымі ўладамі Беларусі, каб пачаць палёты Тбілісі — Мінск з перспектывай транзітных рэйсаў у Маскву. Пра гэта агенцтву ТАСС распавёў камерцыйны дырэктар грузінскай авіякампаніі Ігар Апцыауры.

"Летась мы атрымалі дазвол на ажыццяўленне палётаў у Мінск, аднак цяпер чакаем прызначэння прамых авіярэйсаў, пасля якіх ужо з беларускай кампаніяй "Белавія" пачнем перамовы аб выкананні рэйсаў у Маскву. Не выключана, што акрамя "Белавія" мы будзем весці перамовы і з расійскімі авіякампаніямі, якія лятаюць у Мінск. Да канца жніўня мы павінны атрымаць адказ ад беларускіх авіяўладаў", — паведаміў ён падрабязнасці.

Нагадаем, што з 8 жніўня расійскія ўлады забаранілі прамыя палёты з Грузіі. Да таго MyWay Airlines тры разы на тыдзень лятала ў маскоўскі аэрапорт "Жукоўскі". 

Акрамя Мінска разглядаўся таксама варыянт Ерэвана як транзітнага пункту па дарозе ў Маскву. "Аднак працэдуры па пачатку палётаў занялі б доўгі час, і з улікам усіх бюракратычных бар'ераў мы б атрымалі права лятаць да лістапада, калі турплыня ўжо падае. Адпаведна, армянскі напрамак нам быў нявыгадны", — падкрэсліў Апцыауры.

Дарэчы, праз Ерэван у Маскву транзітныя рэйсы цяпер выконвае грузінская авіякампанія Georgian Airways. Яна карыстаецца дапамогай армянскай кампаніі "Арменія".