Гродзенец з голаду скраў у краме тры булачкі

У Гродне "з голаду" малады чалавек скраў у краме тры булачкі. Як паведамляе прэс-служба гродзенскай милицыи, выпадак адбыўся ў краме на праспекце Янкі Купалы на пачатку лютага. 20-гадовы хлопец доўга хадзіў па гандлёвай зале, а потым паклаў у кішэню тры булачкі і бутэльку газаванага напою.


Адміністратар крамы, якая пабачыла гэта, паспрабавала затрымаць хлопца. Але ён адштурхнуў жанчыну і кінуўся ўцякаць. Злавілі парушальніка пакупнікі.

У міліцыі хлопец распавёў, што вельмі хацеў есці, таму і наважыўся на крадзеж. Ён працуе грузчыкам, і грошай на прадукты яму не хапіла.

Цяпер на гродзенца пачалі крымінальную справу за рабаўніцтва. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Фота з сацыяльных сетак