Грамадзяне ЗША другі раз за месяц выйшлі на масавыя пратэсты супраць Трампа
Частка пратэстоўцаў аб’ядналася ў рух “50501” / Reuters
19 красавіка ў ЗША адбыліся маштабныя пратэсты супраць палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Шэсці і мітынгі прайшлі як у буйных гарадах, так і ў невялікіх населеных пунктах краіны, паведамляе Reuters.
CNN адзначае, што частка пратэстоўцаў аб’ядналася ў рух “50501” (50 пратэстаў, 50 штатаў, адна ідэя), які вырас з форуму на Reddit, створанага пасля інаўгурацыі Трампа.
Дэманстранты выступаюць супраць злоўжыванняў з боку Трампа, у тым ліку дэпартацый імігрантаў без выканання юрыдычных працэдур, роспуску федэральных устаноў і “пагроз для вышэйшай адукацыі”.
У Вашынгтоне людзі сабраліся каля Белага дома і рэзідэнцыі віцэ-прэзідэнта Вэнса, які зараз знаходзіцца ў Рыме. Сам Трамп знаходзіўся ў сваім гольф-клубе ў Вірджыніі.
Некаторыя дэманстранты ў сталіцы ЗША неслі сімвалы падтрымкі Украіны і заклікалі Вашынгтон дзейнічаць больш рашуча ў супрацьстаянні з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Нагадаем, што першыя акцыі пратэсту адбыліся 5 красавіка.