Гэта толькі ўзмацняе грамадзянскую супольнасць: Яраслаў Бекіш пра ліквідацыю НДА
Яраслаў Бекіш / фэйсбук
"Беларуская дзяржава стала нелегітымнай не ў 2020 годзе, а нашмат раней. З тых часоў палітычны рэжым фактычна выціскаў грамадзянскую супольнасць, запіхваючы яе ў пракрустава ложа, адной з рысаў якога была абавязковая рэгістрацыя юрыдычных асоб па дазвольным прынцыпе", — расказвае Еўрарадыё заснавальнік медыяпраекта "Зялёная Сетка" Яраслаў Бекіш.
23 ліпеня праваабаронцы налічылі больш за 40 ліквідаваных грамадзянскіх арганізацый у Беларусі, сярод якіх — незалежная арт-пляцоўка "Арт Сядзіба", прастора для прафесійнага росту медыясупольнасці Press Club Belarus, бясплатныя курсы беларускай мовы "Мова Нанова", Бізнес-школа ІПМ, медыяплатформа "ИМЕНА" — спіс расце.
У гутарцы з Еўрарадыё Яраслаў Бекіш разважае на тэму таго, якую памылку робіць дзяржава, адважыўшыся на такі крок, і чаму пазбаўленне рэгістрацыі НДА і іншых прыватных грамадзянскіх ініцыятыў можа толькі ўмацаваць грамадзянскую супольнасць.
Улады маглі кантраляваць грамадзянскія ініцыятывы і папіхаць іх
— Фактычна грамадзянскія ініцыятывы згаджаліся на рэгістрацыю, узгадненне мерапрыемстваў, рэкламы і гэтак далей, таму што ўнутраных крыніц фінансавання не знаходзілася, а яшчэ ніхто не хацеў трапіць пад які-небудзь крымінальны артыкул. І дзяржава атрымала ад гэтага нашмат больш, чым грамадзянская супольнасць.
Па-першае, улады мелі магчымасць усё кантраляваць, па-другое — маглі папіхаць і патрабаваць нейкай цэнзуры: "Хочаце захаваць рэгістрацыю? Калі ласка, маўчыце", "Хочаце з намі супрацоўнічаць, наладзіць кантакт з якім-небудзь міністэрствам? Калі ласка, менш крытыкі". Гэта магло выяўляцца ў больш ці менш жорсткіх формах, аж да маніпуляцыі: "Можам пайсці на вашу канферэнцыю або адмовіць", "Можа, паклічам вас на сваё мерапрыемства, а можа, і не".
Арганізацыі, якія прафесійна займаліся экспертызай, фактычна абслугоўвалі дзяржаўны заказ, таму што эксперты з дзяржаўных устаноў усе гэтыя, асабліва апошнія гады "вымываліся". Задачы, якія павінна была выконваць дзяржава, фактычна закрываліся пры дапамозе НДА.
Арганізацыям, якія ліквідавалі, ужо не прыгрозіш ліквідацыяй
— Цяпер, калі ліквідуюцца НДА і іншыя ініцыятывы, дзяржава практычна вызваляе грамадзянскіх лідараў, актывістаў, грамадзянскую супольнасць у цэлым ад гэтага пракруставага ложа. Цяпер да іх не прыйдзеш і не скажаш — маўчыце, не прыгрозіш ліквідацыяй. Калі ў краіне не да законаў, то рэгістрацыя была лішняй мыліцай, якой дзяржава карысталася, а цяпер яе страціла.
Мала таго, цяпер дзяржава не зможа на міжнароднай арэне гаварыць, што ў Беларусі не прыгнятаюць грамадзянскую супольнасць, маўляў, паглядзіце, колькі ў нас грамадзянскіх ініцыятыў. Цяпер іх стане менш і прад'явіць не будзе чаго. Вядома, гэта меседж не ў бок Захаду, таму што ўсе меседжы ўжо адпраўленыя.
У трэцім сектары — у сукупнасці НДА і іншых ініцыятыў — даўно разумеюць: прававая форма абмяжоўвае свабоду дзеянняў. Абмяжоўвае там, дзе не павінна, таму становіцца перашкодай на шляху да працы на карысць заяўленых каштоўнасцяў.
Колькі было канфліктаў і скандалаў наконт таго, дзеля чаго мы працуем — дзеля грантаў ці ўсё ж нейкіх каштоўнасцяў? Цяпер праца, не менш карысная, чым нейкая ідэалагічная, накіраваная на ўзмацненне патэнцыялу дзяржаўных органаў у тых пытаннях, дзе іх патэнцыял быў нізкі, больш немагчымая, таму што арганізацыі ліквідаваныя. Так што ўсё застаецца на сваіх месцах. Рэжым страляе сабе ў калена, адным стрэлам прастрэльваючы адразу два. Ён страчвае экспертызу і імідж.
Цяпер больш ніхто не будзе ствараць рэжыму твар
— Я рады, што цяпер грамадскія лідары, якія вымушаныя былі ў сілу рэгістрацыі і абставінаў дапамагаць рэжыму, ствараць яму твар пры яго несумленнай гульні, становяцца свабоднымі. Цяпер яны змогуць сфакусавацца на асноўных каштоўнасцях грамадзянскай супольнасці: празрыстасць прыняцця рашэнняў, удзел у гэтых прыняццях рашэнняў грамадзян без падкантрольнасці ўладам.
Гэта якраз тое, што трэба, каб краіна змянілася і рэжым Лукашэнкі нарэшце паў. Таму, як бы ні было балюча за сяброў і былых калег праз хвалю ператрусаў, я лічу, што добра, што гэта адбылося. Ліквідацыя грамадзянскіх ініцыятыў аслабляе рэжым больш, чым сам рэжым аслабляе грамадзянскую супольнасць. Наадварот, гэта толькі ўзмацняе грамадзянскую супольнасць.