На Гомельшчыне ідуць рэпрэсіі супраць удзельнікаў апытання пяцігадовай даўніны

Сілавікі шукаюць удзельнікаў галасавання ў Тэлеграме, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Гомельскія сілавікі знайшлі новую зачэпку для рэпрэсій. Як мінімум у адным з буйных райцэнтраў вобласці яны затрымліваюць работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый ды правяраюць у іх акаўнты ў Тэлеграме.
Як піша "Флагшток" са спасылкай на мясцовага жыхара, сілавікоў цікавіць удзел у анлайн-апытанні, апублікаваным 15 жніўня 2020 года. Падчас яго карыстальнікам з Беларусі прапаноўвалі адзначыць кандыдатаў, за якіх яны прагаласавалі на выбарчых участках. У апытанні ўзялі ўдзел больш за 2,4 млн чалавек. Больш за палову ўдзельнікаў (51%) паведамілі, што прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую. За Аляксандра Лукашэнку галасы аддалі толькі 4% удзельнікаў апытання.
Пост з анлайн-апытаннем набраў больш за 10 млн праглядаў і быў апублікаваны на канале "Telegram Беларусь". Прапанову паўдзельнічаць у у апытанні тады атрымалі ўсе карыстальнікі Тэлеграма з беларускімі сімкамі. Канал быў створаны 15 жніўня 2020 года. Акрамя апытання ў ім з'явіліся яшчэ літаральна некалькі пастоў, а пасля лістапада 2020-га канал не абнаўляўся.
Цяпер сілавікі правяраюць, ці бралі людзі ўдзел у апытанні: знаходзяць у Telegram канал і глядзяць, ці стаіць галачка ў галасаванні. Рэпрэсіі пагражаюць усім, хто галасаваў не за Лукашэнку — нават тым, хто быў супраць усіх.
Паводле звестак "Флагштока", выпадкаў шмат, хаця праверкі ладзяць не суцэльныя — вычэпліваюць канкрэтных людзей.
Адмяніць удзел у галасаванні нельга. Тым, хто галасаваў і знаходзіцца ў патэнцыйнай небяспецы, рэкамендуюць выдаліць акаўнт і стварыць новы, каб змяніўся ідэнтыфікатар ўліковага запісу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.