Блогерка расказала, як яе затрымалі на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Блогерка Караліна К.

Блогерка Караліна К. / кадр з яе відэаблога на YouTube

Блогерка Караліна К. расказала, як атрымалася, што за ўсё лета яна зняла толькі адно відэа.

11 чэрвеня Караліна праз Вільню вярталася ў Беларусь. Яна спяшалася на хрэсьбіны дачкі сваёй сяброўкі. Але на мяжы яе знялі з аўтобуса і адправілі ў ІЧУ ў Ашмянах. "Самае жахлівае — ты ўвогуле не разумееш, што адбываецца", — расказвае дзяўчына.

З пратакола затрымання яна даведалася, што ў віну ёй ставяць удзел у масавых пратэстах. Праз пару дзён Караліну перавезлі ў турму ў Гродне. А адтуль — у СІЗА №1 у Мінск.

Агулам блогерка прабыла пад вартай 3,5 месяца. "На 105-ы дзень мяне ў кайданках з чорнага ўваходу завялі ў зал суда на абвяшчэнне прысуду. А потым знялі кайданкі, і я выйшла адтуль праз парадны ўваход", — расказвае Караліна. Яе прысудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі".

Дзяўчына вырашыла не заставацца ў Беларусі. У Мінску яна прабыла тры дні і, пакуль прысуд не набыў моц, выехала ў Амстэрдам, дзе жыве апошнім часам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.