Гендырэктар МАГАТЭ гатовы выехаць на ЗАЭС — 184-я раніца вайны ва Украіне
Запарожская АЭС / РИА Новости
Расейскія СМІ пішуць аб новым пажары ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі — сцвярджаюць, што каля ЗАЭС нібыта загарэўся лес. Напярэдадні, нагадаем, станцыя ўпершыню за сваю гісторыю была цалкам адключаная ад энергасеткі. Прычынай, па словах прадстаўнікоў ўкраінскага "Энэргаатама", сталі пажары каля станцыі.
Пасля з'яўлення гэтай інфармацыі гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў аб неабходнасці тэрміновага візіту місіі Агенстава на станцыю.
"Амаль штодня на Запарожскай атамнай электрастанцыі або паблізу яе адбываецца новы інцыдэнт. Мы не можам дазволіць сабе больш губляць час. Я поўны рашучасці асабіста ўзначаліць місію МАГАТЭ на станцыю ў бліжэйшыя дні, каб дапамагчы стабілізаваць сітуацыю з ядзернай бяспекай і аховай", — заявіў Гросі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным вячэрнім звароце заявіў, што місія МАГАТЭ можа хутка і бяспечна трапіць на станцыю праз свабодную (неакупаваную) тэрыторыю Украіны. Зяленскі падкрэсліў, што ўкраінскі бок робіць усё, каб не дапусціць аварыйнага сцэнару. Але гэта залежыць не толькі ад Украіны.
Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны мяркуюць, што адказнасць за атакі на ЗАЭС і вакол яе нясуць расяіне. Нагадаем, Масква і Кіеў абвінавачваюць адзін аднаго ў абстрэлах станцыі. Але не тыя, ні іншыя, на думку аналітыкаў Інстытута, не прадастаўляюць пераканаўчых доказаў.
"Няздольнасць рускіх даць адназначныя доказы маштабных абстрэлаў, у правядзенні якіх яны абвінавачваюць Украіну, заслугоўвае большай увагі, таму што Расія кантралюе тэрыторыю і магла б даць больш пераканаўчыя доказы значна лягчэй, чым Украіна", — тлумачаць сваю пазіцыю ў Інстытуце.
Там таксама лічаць, што ўказ прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб павелічэнні колькасці расійскіх войскаў са студзеня 2023 года наўрад ці значна павысіць баявы моц расійскай арміі. Акрамя таго, такое рашэнне паказвае, што Пуцін не мае намер у бліжэйшы час аб'яўляць мабілізацыю.
"Рускія, верагодна, імкнуцца кампенсаваць страты, панесеныя ў выніку свайго ўварвання ў Украіну, і стварыць сілы для падтрымкі вайны супраць Украіны. Гэта пераканаўча сведчыць аб тым, што Пуцін па-ранейшаму настроены пазбегнуць усеагульнай мабілізацыі", — гаворыцца ў справаздачы.
Што тычыцца сітуацыі на фронце, то ўчора расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на паўночным захадзе і паўночным усходзе ад Славянска, на паўночным усходзе і поўдні ад Бахмута, а таксама на паўночным захадзе ад Данецка. Акрамя таго, спрабавалі наступаць на паўночным захадзе Харкаўскай вобласці і на паўночным захадзе Херсонскай вобласці. Украінскія сілы са свайго боку працягвалі наносіць ўдары па расійскіх ваенных аб'ектаў і наземных лініях сувязі (GLOC) у Херсонскай вобласці.
Генштаб УСУ раніцай у пятніцу паведамляе, што расіяне працягваюць штурмаваць Бахмут, Саледар і Кадэмы, але беспаспяхова.
Канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў, што Берлін не будзе перадаваць Украіне зброю, з якой можна будзе абстрэльваць тэрыторыю Расіі. Германія будзе дзейнічаць так, каб расійска-ўкраінская вайна не перарасла ў "зусім іншую вайну". Аб гэтым ён казаў падчас "Дыялогу з грамадзянамі" у Магдэбургу.
"Прэзідэнт ЗША сфармуляваў усё досыць выразна: ён сказаў, што не будзе пастаўляць зброю, з дапамогай якой можна абстраляць тэрыторыю Расіі. Я лічу гэта прынцыпам, які мы ўсе выконваем", — цытуе Шольца "Укрінформ".
Паводле яго слоў, мэта Германіі - каб "Пуцін не выйграў вайну", і каб быў захаваны суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны. Нагадаем, на днях стала вядома, што ФРГ перадае Украіне яшчэ тры зенітныя самаходныя ўстаноўкі "Гепард" і іншае ўзбраенне ў рамках новага пакета вайсковай дапамогі.
Прэм'ер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, які на днях наведаў Кіеў, атрымаў зніжку на паездкі украінскімі цягнікамі. У сацсетках з'явілася фота брытанскага палітыка са свежай картай лаяльнасці "Укрзализныци" нумар 001. Але пакуль Джонсан наўрадці зможа скарыстацца зніжкамі, мяркуе УНІАН, таму што ўласна праграму лаяльнасці перавозчык пакуль не запусціў.