Гайдукевіч: Міліцыянер ненаўмысна штурхануў сляпога, і той пакаціўся па лесвіцы

Гайдукевіч: Міліцыянер ненаўмысна штурхануў сляпога, і той пакаціўся па лесвіцы

Начштаба кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Гайдукевіча Алег Гайдукевіч патлумачыў Еўрарадыё, чаму тыдзень таму, каментуючы дзеянні міліцыянераў, ён называў іх “непрафесійнымі”, а зараз лічыць, што дзейнічалі яны “законна”.

Алег Гайдукевіч: “Ніякіх супярэчнасцяў у тым, што я казаў тыдзень таму, і што я кажу зараз няма — я не бачу ніякіх супярэчнасцяў! Самае вялікае пытанне ў мяне было: “Чаму той сляпы каціўся ўніз па лесвіцы?” Тады (падчас размовы з Еўрарадыё 21 верасня) я арыентаваўся выключна на відэа, якое глядзеў у інтэрнэце. Сапраўды, так, каб чалавек каціўся, нельга. Але калі супрацоўніка МУС укусілі, той з-за гэтага сляпога ненаўмысна штурхануў, які ў выніку пакаціўся… Ён ненаўмысна яго штурхануў, бо той укусіў яго за руку! І цялесныя пашкоджанні “знялі” — там добра відаць, што супрацоўніка ўкусілі за руку. Ну, калі б мяне ўкусілі, халера яго ведае — змог бы я вытрываць боль ці не”.

Алег Гайдукевіч, былы кіраўнік Фрунзенскага РУУС, сцвярджае: першапачаткова ён каментаваў сітуацыю на эмоцыях, што выклікалі прагляд відэа, выкладзенага ў інтэрнэт. Але калі пагаварыў са сваімі былымі калегамі, вывучыў сітуацыю, то змяніў сваё меркаванне. І зараз у палітыка прэтэнзіі — выключна да прэс-службы МУС. Маўляў, як толькі людзі пачалі ў сацсетках абурацца, то трэба было зрэагаваць імгненна: выкласці ў інтэрнэт фота ўкушанай рукі міліцыянера, даць усе неабходныя каментары і тлумачэнні.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў пятніцу 18 верасня. Паводле афіцыйнай версіі, да міліцыянтаў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціў пры затрыманні. Многія пасажыры метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі проста па падлозе. Гісторыя мела вялікі рэзананс у сацсетках і СМІ.

Фота: Змітра Лукашука