"Гавары праўду" заявіла, што гатовая да прэзідэнцкіх выбараў

Кампанія мае на ўвазе сацыяльныя праграмы і акцыі, якія "Гавары праўду" праводзіць цягам чатырох гадоў у шэрагу гарадоў Беларусі: Брэсце, Віцебску, Оршы, Магілёве, Слуцку, Мікашэвічах і іншых гарадах. У залежнасці ад патрэбаў рэгіёнаў гэта былі зборы подпісаў, звароты ў выканаўчыя структуры ўлады і іншыя акцыі, якія мясцоваму насельніцтву дапамагалі арганізаваць актывісты кампаніі. Гэтая праца скіраваная на вырашэнне надзённых побытавых пытанняў і праблемаў — рамонт дарог, захаванне сацыяльных аб’ектаў, стварэнне мясцовай інфраструктуры ды іншае.

Як паведаміў у каментары Радыё "Свабода" адзін з лідараў кампаніі Андрэй Дзмітрыеў, прэзентацыя "Рэгіянальных праектаў" — вынік чатырохгадовай працы кампаніі "Гавары праўду" па двух кірунках: перамены на месцы і перамены ў краіне. Яны ўвасобленыя ў праектах "Грамадзянская дамова" і "Народны рэферэндум".

Па словах Дзмітрыева, кандыдат ад "Народнага рэферэндуму" прапануе на будучых выбарах змены, бо ведае, чаго чакаюць людзі. 

Паводле Дзмітрыева, кампанія "Гавары праўду" гатовая да прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку праз праект "Народны рэферэндум". За яго правядзенне сабрана 50 тысяч подпісаў грамадзян. Цяпер актывісты кампаніі спрабуюць дамагчыся, каб Палата прадстаўнікоў прыняла рашэнне аб правядзенні "Народнага рэферэндуму".