Санкцыі, праблемы дэмсіл і мова — асноўныя тэмы канферэнцыі "Новая Беларусь"

Канферэнцыя "Новая Беларусь" у 2025 годзе, Варшава / Euroradio
Пяць гадоў пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і пачатку самых вялікіх пратэстаў у гісторыі Беларусі. Частка лідараў, многія актывісты ды і простыя беларусы ўсё яшчэ падвяргаюцца рэпрэсіям і знаходзяцца ў зняволенні. Іншая частка знаходзіцца ў эміграцыі, і кожны год у жніўні яе актыўнае звяно праводзіць канферэнцыю "Новая Беларусь".
Летні дзень. Па варшаўскім раёне Павісле ў олдскульных масцерках гуляе моладзь — збіраецца на канцэрт Макса Каржа. Іншыя ідуць у бок "Новай Беларусі".
Універсітэцкі корпус сабраў Беларусь у мініяцюры: тут табе і кантроль на мяжы, і пашпартны стол, і прэзідэнт з урадам, і выбаршчыкі, якія прыйшлі паразважаць аб выкліках для краіны.
Ёсць і свая "забарона на ўезд", якую атрымаў блогер і палітвязень Сяргей Пятрухін. Прычынай сталі яго стрымы, якімі ён сістэматычна парушаў правілы бяспекі. Але і гэта яго не спыніла: Пятрухін восем гадзін стрыміў дзверы, дзе праходзіла канферэнцыя.

Санкцыі, якія мы так не любім і не разумеем
Што адрознівала гэтую канферэнцыю ад папярэдніх? У спробах зрабіць яе больш жывой увялі кароткія дэбаты, якія мадэраваў журналіст Віталь Цыганкоў. І мерапрыемства зайграла новымі фарбамі!
У першым раўндзе ўдзельнічалі "два маладыя атлетычныя чалавекі" — прадстаўнік Belpol Уладзімір Жыгар і палітык Іван Краўцоў. А прадметам файту сталі санкцыі супраць Беларусі (напэўна, гэта самая гарачая тэма ўсёй канферэнцыі).
Праціўнік санкцый Краўцоў казаў, што абмежаванні не працуюць, б'юць па людзях. А пасля магчымай сустрэчы Пуціна і Трампа яны страцяць сваю вагу, таму трэба пачынаць перамовы. Жыгар атакаваў апанента, якога за яго рыторыку нават заблакаваў у Фэйсбуку і абвінаваціў у бяздзейнасці. Ён нагадаў, што санкцыі ўводзяцца менавіта супраць прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вайне на баку Расіі, і іх скасаванне ў абмен на палітвязняў — не спрацуе.
— Я табе аплачу квіток да Беларусі, там і дамаўляйся з Лукашэнкам, — сказаў Жыгар. Віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Лізавета Пракопчык адрэагавала на спіч прадстаўніка Belpol нецэнзурнай лексікай.

На наступны дзень Краўцоў і Жыгар будуць спакойна разам піць каву ў кулуарах канферэнцыі. Палітыка ёсць палітыка. І публічныя выступы ёсць публічныя выступы.
Тэма санкцый вярнулася на панэлі, прысвечанай Каардынацыйнай радзе. Адведзеную для дыскусіі гадзіну дэпутаты парламента ў выгнанні ператварылі ў поле для палітагітацыі перад будучымі выбарамі (яны пройдуць у 2026 годзе). Кандыдаты кідалі папулісцкія заявы, адбіралі адзін у аднаго мікрафоны і нават зладзілі дэмарш.
Віцэ-спікерку Лізавету Пракопчык не папярэдзілі, што яна будзе ўдзельнічаць у абмеркаванні, праз што ёй давялося бегчы з іншага канца будынка. Пры гэтым, яе выступ у самым пачатку перабіла Таццяна Мартынава, якая пачуўшы сваё імя, не змагла ўтрымацца ад каментара. Банальная непавага стала прычынай дэманстратыўнага выхаду Пракопчык з залы.

З салідарнасці з Пракопчык пакінуў панэль і блогер Аляксандр Кныровіч, які перад гэтым паспеў заўважыць, што структуры дэмсіл — гэта як кампаніі ў стане банкруцтва: ім трэба напаўняцца сэнсамі і дыскусіямі.
А дэпутат Віталь Рымашэўскі абураўся, што беларускаму святару не далі магчымасці перад пачаткам канферэнцыі правесці агульную малітву за Беларусь.
Але тут ужо малітвамі не дапаможаш.
Адзін з замежных гасцей назваў іх дыскусію энергічнай. На яго думку, яе мэта — паказаць, што дэмсілы адзіныя, нягледзячы на розныя погляды. І гэта нармальна: гэтыя людзі былі да 2020 года ў розных групах.
Беларуская мова разладу
Падчас тых жа дэбатаў Жыгар-Краўцоў прысутныя не маглі не адзначыць, што абодва спікеры гавораць на рускай мове. У сваё апраўданне абодва выказалі, што менавіта на гэтай мове гаворыць большасць беларусаў.
Паказальна, што ў наступным раўндзе дэбатаў, які тычыўся нацыянальнага дыялогу, паліталагіня Роза Турарбекава, этнічная казашка, як раз пачала свой спіч на беларускай.
У наступны раз тэма мовы з'явілася толькі на апошняй панэлі пра беларускую культуру. Адна са спікерак так і сказала, што будзе гаварыць на рускай, таму што "так камфортней". Але падчас высветлілася, што яна ўсё ж такі нядрэнна гаворыць і на беларускай.

Макс Корж адбіўся рэхам і тут. Часткова панэль ператварылася ў рэп-батл (нездарма ж арганізатары паклікалі двух хіп-хоп выканаўцаў на гэтую дыскусію).
Прынцыповы рэпер Вінсэнт, як малады Зянон, дэклараваў, што беларускім можа лічыцца толькі тое, што напісана на беларускай мове. А малады рэпер Mandzik спрабаваў данесці, што мяжа Беларусь-Польшча гэта не мяжа "рускага свету". І ў самой краіне пішуцца песні на беларускай мове — ужо не пра палітыку, а звычайнае жыццё.
Заўважна, што ўсе ўдзельнікі гэтай дыскусіі лічаць, што цяпер у беларускай культуры адбываецца адраджэнне, прычым як у самой Беларусі, так і ў эміграцыі. Хоць, у апошнім, як адзначае акцёр Міхась Зуй, пастаянна вісіць воблака рызыкі, што праз год магчымасцяў рэалізацыі можа і не быць.
Беларусь і вайна
Пасля ўступнай прамовы Святланы Ціханоўскай здавалася, што тэма бяспекі і вайны павінна быць ключавой на канферэнцыі. На справе гэтага не здарылася.
На прысвечанай пытанню панэлі спікеры выказалі болевыя кропкі ў ацэнках пагрозы з боку Беларусі, але зусім няшмат прагучала пра рэальныя дзеянні.
Новым у гэтым кантэксце стаў аспект моладзі. Прадстаўніца Офіса Маргарыта Ворыхава паведаміла, што дэмсілы распрацоўваюць механізмы супрацьстаяння ваеннаму прызыву або адпраўленню ў "патрыятычныя лагеры".
Не ўдзельнічала ў панэлі новаабраная кіраўніца Місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна. Праца мінулага прадстаўніка не прынесла надзей на супрацоўніцтва. Як пажартаваў калега, магчыма, гэта наогул праклятая пасада, як у выкладчыка чорнай магіі ў Хогвартсе.

Гэтая канферэнцыя сфакусавалася на праблемах, якія дэмсілы рэальна могуць вырашыць — праблемах саміх дэмсіл.
Палова другога дня была прысвечана рабочыч групам і іх вынікам. Абмяркоўвалася барацьба супраць "рускага свету", дапамога палітвязням, гаварылася пра тое, як самім станавіцца мацней і дамаўляцца і нават пра сітуацыю жанчын у дэмсілах. Але нічога пра міжнародныя стасункі. І пра тое, на што яны рэальна могуць уплываць.
Гэта навяло на думкі, што канферэнцыя "Новая Беларусь" усё больш выглядае як гурток па інтарэсах, у якога ёсць свой касцяк і раз у год мяняюцца некаторыя члены гэтага гуртка.
З такім наборам тэм няпроста прыцягнуць увагу гледачоў з Беларусі. У моманце трансляцыю канферэнцыі глядзела некалькі сотняў чалавек. На момант напісання тэксту колькасць праглядаў вырасла да 10 тысяч на кожны дзень.
Што пакінуў 2020 год
Але вернемся ў самы пачатак канферэнцыі. Да дыскусіі пра тое, да чаго мы прыйшлі за апошнія пяць гадоў. Вольная духам выкладчыца і палітзняволеная Наталля Дуліна, якая выйшла з турмы крыху больш за месяц таму, дала параду вызваляцца ад страху і паспрабаваць забыцца пра наступствы.
— Свабода канчаецца там, дзе пачынаецца страх. У праціўнікаў гэта выклікае разгубленасць. Людзі з боку бачаць, што мы не дамагліся таго, чаго хацелі. Але чалавеку трэба ўзляцець, каб даказаць, што можа лётаць. Прыкласці намаганні.
Аналітык Сяргей Чалы распавёў пазітыўнае меркаванне, што даказаная перамога на выбарах як раз адрознівае пратэст 2020 года ад астатніх. Ён лічыць, што адбылася класічная буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, з якой нарадзілася палітычная эліта і нават нацыя. Пры гэтым беларусы ўсё яшчэ не адказалі на пытанне, чаму не адбылася перамога, хоць і быў дасягнуты максімум таго, што можна было зрабіць.
Халодным аналізам падзяліўся эканаміст Дзмітрый Крук. Ён кажа, што мы страцілі магчымасць глядзець на Беларусь, як на самастойны сюжэт дабра супраць зла.
— Мы сталі часткай большага сцэнару з уплывам Расіі. І зараз не можам адасобіцца ад кантэксту, як бы нам гэтага не хацелася, асабліва, раней.

Ці можам мы выцягнуць Беларусь са сферы ўплыву Расіі? На яго думку — гэта галоўная стратэгічная задача.
Журналіст Фёдар Паўлючэнка пазначыў галоўнае, што здарылася з беларусамі — гэта тое, як шмат людзей выехала за мяжу, не абавязкова з палітычных матываў. Многія прайшлі праз складанасці і разрулілі свае праблемы, цяпер яны з'яўляюцца "маўклівай большасцю", і яны таксама маюць патрэбу ў прадстаўніцтве.
— Гэта асноўны рэсурс, які ў нас ёсць цяпер. І перамены прыйдуць з гэтымі людзьмі. Не з тымі, хто проста з'ехаў, а тымі, хто мае зносіны з людзьмі ўнутры краіны, і хто памятае 2020 год.
Журналістка і палітзняволеная Ксенія Луцкіна распавяла паказальную гісторыю пра тое, што эміграцыя — гэта адзінае месца, дзе можна нешта зрабіць. Хоць ёй давялося пачуць фразу, што тут "мы змагаліся кожны дзень за жыццё, а ў вас была пэўнасць", маючы на ўвазе яе зняволенне.
— Так, і мы разумеем, што лепш змагацца за жыццё, і ў гэтым ёсць шчасце. Мы разумеем, што беларускі народ стаў суб'ектным. І калі мы цяпер выносім суб'ектнасць праз гэты боль, калі гэты боль нас ачышчае — значыць, мы павінны былі праз гэта прайсці.
Сёлета ў Беларусі халоднае лета і шмат дажджоў. Кожны раз, калі я бачу навіну пра патоп і чарговы шторм у Гомелі... памятаеш, як з 18-га атрада знесла дах (звяртаецца да Наталлі Дулінай)? І ўсе дзяўчынкі, асабліва палітычныя, ішлі і ўсёй калоніяй чэрпалі гаўно, проста вёдрамі? 1200 жанчын, іх 10% — палітычныя. І ў якім пекле яны там жывуць, але яны пры гэтым не абясцэньваюць 2020 год. І яны не знаходзяцца ў дэпрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.