Гамельчука падазраюць у забойстве дзвюх сваіх супрацоўніц (відэа)

У Гомелі затрымалі маладога чалавека, якога падазраюць у забойстве дзвюх дзяўчат. На яго пачалі крымінальную справу.

Як піша "Гомельская правда", 15 траўня ў міліцыю звярнуўся гамяльчук з паведамленнем пра знікненне сваёй жонкі. Жанчына паехала зранку на працу, але туды не даехала.  На тым жа прадпрыемстве "Стеклолюкс" год таму, 15 ліпеня 2014-га, знікла яшчэ адна дзяўчына, у дзень свайго нараджэння.

Як кажа начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС аблвыканкама Віктар Чыкуноў, сістэмы відэаназірання дапамаглі ўсталяваць аўтамабіль, у які села зніклая сёлета жанчына.

Чыкуноў: "Нам удалося ў нядзелю ўвечары асобу, якую мы маглі падазраваць у здзяйсненні злачынства, даставіць у Савецкі аддзел унутраных спраў. Нам удалося высветліць аўтамабіль, на якім магла перамяшчацца дзяўчына. А ўжо ад гэтага аўтамабіля мы выйшлі на асобу".

Мабільныя тэлефоны абедзвюх дзяўчат перасталі працаваць у адным і тым жа месцы, дзе размешчаны гараж іх калегі. Ён  і стаў стаў асноўным падазраваным.

Паводле адной з версій, гэты супрацоўнік летась прапаноўваў зніклай дзяўчыне святкаваць дзень нараджэння, а сёлета прапанаваў іншай калезе падвезці яе на працу. Аднак абедзве больш не вярнуліся дадому.
Маладога чалавека затрымалі па падазрэнні ў двух забойствах. Праваахоўнікі лічаць, што ў абодвух выпадках ёсць сэксуальныя матывы. Цяпер правяраецца яго датычнасць да іншых злачынстваў.

Цела задушанай сёлета Аляўціны знайшлі на лукавіне рэк Сожа і Іпуці. Як мяркуецца, цела Алесі закапанае ў лясным масіве каля трасы ў бок Рэчыцы. Падазраваны раней быў судзімы за разбой. У яго ёсць жонка і трохгадовае дзіця.