Галоўны расійскі мытнік: Мы стаім з беларусамі плячо да пляча
Беларусь паспяхова кантралюе транзіт тавараў, якія трапілі пад расійскія санкцыі, заявіў кіраўнік Федэральнай мытнай службы Расіі Андрэй Бельянінаў.
Ён адзначыў "вельмі добры ўзровень узаемадзеяння" з Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі. "Мы ніколі не скардзіліся, цяпер тым больш. Мы стаім плячо да пляча", — цытуе словы Бельянінава РІА "Новости".
Нагадаем, месяц таму Расія абмежавала імпарт харчовых тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі (ЗША, краіны ЕС, Канада, Аўстралія, Нарвегія). Пад забарону трапілі ялавіччына, свініна, птушка, каўбасы, рыба, гародніна, садавіна, малочная прадукцыя.
Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі адзначыў, што з-за ўведзенага Расіяй эмбарга нагрузка на беларускіх мытнікаў "сур'ёзна павялічылася". Давялося ўводзіць дадатковыя сілы, сродкі, мабільныя групы на мяжы. У выніку, з'явілася "шмат лішніх выдаткаў". Аднак яны апраўданыя, паколькі Расія дапамагае Беларусі "ў іншых пытаннях", адзначыў Шпілеўскі.
Фота — ria.ru