Галоўнага трэнера БАТЭ адправілі ў адстаўку
Ігар Крывушэнка / fcbate.by
У панядзелак з'явілася неафіцыйная інфармацыя, што галоўнага трэнера ФК БАТЭ Ігара Крывушэнку адправілі ў адстаўку. Клуб гэта яшчэ не пацвердзіў.
Напярэдадні барысаўчане ў матчы 19-га тура прайгралі дома "Тарпеда-БелАЗ" (1:2), займаюць у турнірнай табліцы толькі 11-е месца.
Крывушэнку 60 гадоў. Ён вярнуўся ў каманду ў студзені гэтага года, але не дапрацаваў і да восені. БАТЭ з 1990-х не выступаў так слаба. Ігар Крывушэнка працаваў з камандай у 2005-2007 гадах. Пасля яго БАТЭ стаў трэніраваць Віктар Ганчарэнка, і пачаўся кароткі зорны перыяд, калі пра каманду з Барысава даведаліся ў Еўропе.