Футбольныя клубы "Нафтан" і "Дынама-Брэст" не атрымалі ліцэнзіі ў вышэйшую лігу

Футбольныя клубы "Нафтан" і "Дынама-Брэст" не атрымалі ліцэнзіі ў вышэйшую лігу

Наваполацкі футбольны клуб "Нафтан" і брэсцкае "Дынама" не атрымалі ліцэнзіі для выступаў у вышэйшай лізе футбольнага чэмпіянату Беларусі. Такое рашэнне 9 сакавіка прыняў камітэт па клубным ліцэнзаванні Беларускай федэрацыі футбола. Прычынай называецца невыкананне фінансавых крытэрыяў гэтымі клубамі. Як адзначае прэс-служба футбольнай федэрацыі, цяпер ім давядзецца звяртацца ў апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні.

Ліцэнзіі пакуль што атрымалі 10 клубаў: БАТЭ (Барысаў), "Дынама" (Мінск), "Шахцёр" (Салігорск), "Мінск", "Тарпеда-БелАЗ" (Жодзіна), "Нёман" (Гродна), "Славія" (Мазыр), "Слуцк", "Віцебск" і "Гарадзея".

Яшчэ па чатырох клубах ліцэнзійны камітэт не прыняў рашэння. "Белшына" (Бабруйск), "Крумкачы" (Мінск), "Граніт" (Мікашэвічы) і "Іслач" (Мінскі раён) павінны падаць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць іх здольнасць выканаць свае фінансавыя абавязанні ў 2016 годзе. Рашэнне па гэтых клубах камітэт прыме 11 сакавіка.

Футбольны чэмпіянат стартуе 2 красавіка.