Фрагмент амфары з рунай знайшлі на гарадзішчы на Менцы

Руна "эйваз" на чарапку амфары з гарадзішча на Менцы / "Стары Менск"
Падчас археалагічных раскопак гарадзішча на Менцы знайшлі фрагмент глінянага посуду з рунай. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Інстаграме паведаміў музей-сядзіба "Стары Менск".
Мяркуецца, што гэта фрагмент амфары. Знаходка з рунай стала першай такой за ўвесь час раскопак на гэтым археалагічным помніку. На чарапку добрая бачная руна "эйваз".
"Гэтая руна азначае дадатковую абарону, звязаную з нейкай затрымкай. Таксама яна азначае дрэва ціс", — гаворыцца ў відэа музея.
Дагэтуль у Беларусі знаходзілі адзінкавыя прадметы з рунічнымі надпісамі. У Полацку знайшлі ігральную косць з чатырма знакамі, якія зычаць поспех яе ўладальніку — "выгада, перавага, дабро". На гарадзішчы Маскавічы каля Браслава былі выяўленыя абломкі костак з малюнкамі і рунічнымі надпісамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.