Фон дэр Ляен пракаментавала залёт дронаў з Беларусі ў Літву

Урсула фон дэр Ляен і Гітанас Наўседа

Урсула фон дэр Ляен і Гітанас Наўседа / LRT

Падчас візіту ў Літву старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пракаментавала прылёт дронаў з тэрыторыі Беларусі. Паводле словаў палітыка, калі варожыя краіны правяраюць сістэму аховы літоўскай мяжы, выпрабоўваецца і бяспека ўсёй Еўропы.

"Я чула, што ў мінулым месяцы два дроны перасеклі літоўска-беларускую мяжу. Дазвольце вас запэўніць: калі выпрабоўваюць Літву, выпрабоўваюць і ўсю Еўропу. Мы разам з вамі ўсімі магчымымі спосабамі", — заявіла яна на прэс-канферэнцыі ў Мядзінінкаі 1 верасня.

Фон дэр Ляен выказала салідарнасць Еўропы з Літвой як памежнай дзяржавай. "Вы сутыкаецеся з Расіяй у Калінінградзе, вы сутыкаецеся з Беларуссю на мяжы, вы перажываеце геапалітычныя і эканамічныя выклікі, сутыкаецеся з пастаяннымі вайсковымі і гібрыднымі пагрозамі",перадае LRT яе словы.

Таксама кіраўніца Еўракамісіі паўтарыла сваё абяцанне павялічыць фінансаванне для краін ЕС, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю. У доўгатэрміновым бюджэце Еўрасаюза прапануецца ўтрая павялічыць выдаткі на міграцыю і ахову межаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.