Еўракамісар Ёханэс Хан усё ж пакліча Лукашэнку на саміт "Усходняга партнёрства"

Еўракамісар Ёханэс Хан усё ж пакліча Лукашэнку на саміт "Усходняга партнёрства"

Еўракамісар па пытаннях перамоваў аб пашырэнні і еўрапейскай палітыцы суседства Ёханэс Хан плануе наведаць Беларусь у бліжэйшыя некалькі тыдняў. Пра гэта ён заявіў журналістам на бізнес-форуме "Усходняга партнёрства", які праходзіць у Таліне.

"Я павінен наведаць Мінск і абмеркаваць намечаныя пытанні", — прыводзіць словы еўракамісара TUT.by. Пры гэтым Хан удакладніў, што хацеў бы бачыць пэўныя вынікі ад беларускага боку.

Ёханэс Хан павінен быў наведаць Мінск з афіцыйным візітам 17 кастрычніка. Былі запланаваны сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. Аднак Хан адмяніў візіт "праз нечаканыя, але вельмі важныя сустрэчы па падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага савета".

Па адной з версіяў, Хан мусіў перадаць Лукашэнку асабістае запрашэнне на саміт "Усходняга партнёрства" 24 лістапада. Ці паедзе кіраўнік Беларусі на саміт, да гэтага часу невядома.

Адказваючы на ​​пытанне, калі можа быць падпісанае пагадненне з Беларуссю аб супрацоўніцтве і спрашчэнні візавага рэжыму, еўракамісар сказаў, што ў гэты бок трэба рухацца крок за крокам. "Мы чакаем убачыць пазітыўныя змены з беларускага боку, якія прадэманструюць наяўнасць рэальнай гатовасці да больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва", — сказаў Хан. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Еўрасаюз за апошнія два гады ўжо прадаставіў пэўную фінансавую дапамогу Беларусі, маючы на ​​ўвазе крэдыты з боку еўрапейскіх банкаў.

27 кастрычніка Ёханэс Хан сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым у Люксембургу, дзе будзе праходзіць Беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум. На парадку дня будзе абмеркаванне палітычных і эканамічных пытанняў.