ЕС узгадніў адмену штампаў у пашпартах на межах Шэнгену

Мяжа, ілюстрацыйнае фота / LETA
Савет ЕС і Еўрапарламент дасягнулі папярэдняга пагаднення пра паступовы запуск аўтаматызаванай памежнай сістэмы ўезду і выезду (Entry/Exit System, EES) у Еўрасаюз. Яна заменіць штампы ў пашпарце. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Савета ЕС.
На паступовае ўвядзенне сістэмы EES краінам прапануюць вылучыць шэсць месяцаў. Цягам пераходнага перыяду штампы ў пашпарт працягнуць ставіць уручную. Але ў выніку EES цалкам заменіць пашпартныя штампы.
Еўракамісія яшчэ павінна назваць дату, ад якой стартуе запуск лічбавай сістэмы. Пакуль жа дасягнутае пагадненне павінна яшчэ быць ухваленым у самім Савеце ЕС і Еўрапарламенце.
Сістэма EES дазволіць аўтаматычна рэгістраваць даныя людзей, якія ўязджаюць у Шэнгенскую зону і выязджаюць з яе, у тым ліку біяметрыю — адбіткі пальцаў і здымак твару, адзначае devby.io. Улады краін ЕС будуць мець пастаянны доступ да персанальных даных грамадзян трэціх краін і гісторыі іх паездак, а таксама змогуць кантраляваць, ці выконваюць яны дазволены перыяд знаходжання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.