ЕС прыпыніў бязвізавы рэжым для грузінскіх чыноўнікаў з дыппашпартамі

Грузія, ілюстрацыйнае фота

Грузія, ілюстрацыйнае фота / Reuters

Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза 27 студзеня пастанавілі часткова прыпыніць бязвізавы рэжым з Грузіяй. Пад абмежаванне трапяць афіцыйныя асобы, якія маюць дыпламатычныя пашпарты, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на інфармагенцтва Reuters.

Гэты крок стаў адказам на жорсткае задушэнне пратэстаў у краіне. Пратэстоўцы змагаюццца супраць прыпынення еўраінтэграцыі Грузіі.

Яшчэ ў снежні 2024 года міністры замежных спраў краін ЕС заклікалі Еўракамісію зрабіць прапанову па гэтым пытанні. Цяперашняе рашэнне, як мяркуецца, павінна аказаць ціск на вядучых грузінскіх палітыкаў, не наносячы шкоды шараговым грамадзянам краіны.

Адмова ад еўраінтэграцыі Грузіі пачалася пасля таго, як у кастрычніку 2024-га кіроўная прарасійская партыя "Грузінская мара" заявіла пра сваю перамогу на парламенцкіх выбарах. Вынікі гэтых выбараў не прызнала ні грузінская апазіцыя, ні тагачасная прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі.

У лістападзе 2024-га грузінскі ўрад заявіў, што перамовы па далучэнні Грузіі да Еўрасаюза прыпыняюцца прынамсі да 2028 года. Гэта выклікала масавыя пратэсты, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.