Беларуса, арыштаванага ў Грузіі на 3 месяцы, вызвалілі рашэннем суда

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі / 1tv.ge

Тбіліскі гарадскі суд вызваліў з-пад варты беларуса, арыштаванага на тры месяцы. Судовае пасяджэнне прайшло 18 ліпеня, паведаміў выданню "Позірк" беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які цяпер жыве ў Грузіі.

"Арышт заменены неабходнасцю адзначацца ў Дэпартаменце міграцыі МУС раз на два тыдні. У той жа час той бок мае права абскардзіць пастанову суда", — адзначыў Кісляк.

Як паведамлялася раней, 14 ліпеня беларус прыйшоў у грузінскі дэпартамент з заяваю аб наданні прытулку. Яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар. У нашага суайчынніка закончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, таму ён перабывае ў Грузіі нелегальна. Яму пагражае дэпартацыя, і магчыма — на радзіму.

15 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд пастанавіў арыштаваць беларуса на тры месяцы. Але потым заяву аб наданні прытулку ўдалося падаць і зарэгістраваць. Суд зацвердзіў нашага суайчынніка ў статусе просьбіта прытулку, бо гэта неабходна ў адпаведнасці з мясцовым заканадаўствам.

Па словах праваабаронцы, арыштаванага даставілі ў суд, яго інтарэсы прадстаўлялі два нанятыя адвакаты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.