Беларуса, затрыманага ў Грузіі, арыштавалі на тры месяцы

Грузія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
На тры месяцы арыштавалі беларуса, якога затрымалі на выхадзе з Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі.
Такое рашэнне вынес у другой палове дня 15 ліпеня Тбіліскі гарадскі суд. Пра гэта выданню "Позірк" расказаў беларускі праваабаронца і палітуцякач Раман Кісляк, які пражывае ў гэтай краіне.
Дакументы для абароны нашага суайчынніка ў суд перадаць не ўдалося, адзначыў Кісляк. У іх ліку быліў даклад Камітэта ААН супраць катаванняў і справаздача спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Нілса Муйжніекса.
Як паведамлялася раней, 14 ліпеня беларус прыйшоў у Дэпартамент міграцыі МУС, каб падаць дакументы на палітычны прытулак. Дакументы ў мужчыны не прынялі, а на выхадзе яго затрымалі супрацоўнікі паліцыі. У нашага суайчынніка закончыўся беларускі пашпарт і быў пратэрмінаваны час перабывання ў Грузіі. Яму пагражае дэпартацыя з Грузіі — магчыма, што ў Беларусь.
За апошнія гады Грузія не надала палітычны прытулак ніводнаму грамадзяніну Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.