Эксперт: Крызіс у адносінах Беларусі і Расіі толькі пачынаецца

Эксперт: Крызіс у адносінах Беларусі і Расіі толькі пачынаецца

Масква ўсё часцей размаўляе з Мінскам на мове ўльтыматумаў, бо курс Беларусі на незалежнасць успрымаецца ў Расіі як русафобія. На такую тэндэнцыю звяртае ўвагу палітолаг Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Эксперт: Крызіс у адносінах Беларусі і Расіі толькі пачынаецца

"У Крамлі вельмі раздражняюцца тым, як сёння Мінск сябе паводзіць. Перш за ўсё — шматвектарнай знешняй палітыкай. Курс Беларусі на незалежнасць, на суверэнітэт у Маскве ўспрымаецца як русафобскі, антырасійскі. Каб паставіць вышэйшае кіраўніцтва Беларусі на месца, Крэмль выкарыстоўвае розныя рычагі ўплыву. Не толькі эканамічныя, а таксама і ваенна-палітычныя, тут можна нагадаць і пра разгортванне механізаваных падраздзяленняў на мяжы з Беларуссю, і пра лічбу ў 4000 вагонаў з вайскоўцамі, якая з'явілася за тыдзень да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. Расія ўсё больш і больш пераходзіць на мову ультыматумаў у размовах з Мінскам. І, хутчэй за ўсё, ні на якія саступкі не пойдзе", — мяркуе эксперт.

У гэтае рэчышча ўкладаюцца і чарговае "малочнае" супрацьстаянне, і канфлікт вакол расійскіх паставак нафты і газу ў Беларусь. Але, на думку Сівіцкага, гэта яшчэ не крызіс — крызісу трэба чакаць пасля 26 снежня, калі Аляксандр Лукашэнка паедзе ў Санкт-Пецярбург на саміт Еўразійскага эканамічнага саюза: "Згодна з нашымі ацэнкамі, там Лукашэнка павінен адказаць на ўльтыматум, які Уладзімір Пуцін яму сфармуляваў падчас апошняга візіту ў Маскву. Ён тычыцца расійскай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Відавочна, што Мінск не пойдзе на гэта. Усе падзеі ідуць у накірунку эскалацыі, і трэба рыхтавацца да самых жорсткіх сцэнарыяў. Мы бачылі, як Расія паводзіла сябе ў дачыненні да Украіны. А Беларусь цяпер абвінавачваюць у Крамлі ў тым жа самым, у чым Украіну абвінавачвалі ў 2013 годзе".