Экс-лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка запісаў відэазварот да Лукашэнкі

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Відэазварот да Лукашэнкі супраць дзяржаўнай зарэгуляванасці цэн апублікаваў у TikTok былы кіраўнік ліквідаванага ўладамі аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

Ён адзначае, што дзяржаўнае рэгуляванне цэн, якое Лукашэнка лічыць формулай "справядлівай цаны", насамрэч знішчае бізнесы. Шумчанка ў звароце падкрэслівае сваю лаяльнасць, але настойвае на неабходнасці перагледзець вядомую 713-ю пастанову ўрада, якая рэгулюе цэны.

"Калі быў прыняты закон аб таксі, я актыўна заклікаў стаць на бок закона і падтрымаць ваша рашэнне, якое прынялі ў рамках указа. Але цяпер я б хацеў заклікаць вас яшчэ раз звярнуць увагу на рашэнне ўрада з нагоды рэгулявання цэн і ўсё ж такі яшчэ раз прапрацаваць пералік тавараў, на якія неабходна рэгуляванне. І ў нашым выпадку ён патрабуе карэкціроўкі. І многія рэчы адтуль трэба прыбіраць. Сустракайцеся з прадпрымальнікамі, дайце даручэнні, каб прапрацавалі гэтае пытанне — і вам людзі будуць вельмі ўдзячныя", — кажа Шумчанка.

Пастанова №713, якая рэгулюе цэны ў Беларусі, была прынятая ўвосень 2022 года. Ад таго часу яна некалькі разоў пераглядалася. На пачатку красавіка 2025-га была прынятая яе шостая рэдакцыя. У дакуменце быў скарочаны пералік тавараў з рэгуляванымі цэнамі. Замест ранейшых 331 таварнай пазіцыі ў спісе сзасталіся 211.

Анатоль Шумчанка раней кіраваў рэспубліканскім аб'яднаннем прадпрымальнікаў "Перспектыва", якое потым ліквідаваў Вярхоўны суд. У 2022 годзе Шумчанку затрымлівалі за распаўсюд так званых "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Пазней ён скардзіўся на праблемы з пошукам працы. А сёлета ўзначаліў выбарчы штаб Ганны Канапацкай — спойлера Лукашэнкі на прэзідэнцкіх "выбарах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.