Экс-каліноўцу Васілю Грачыху прысудзілі пяць гадоў калоніі
Васіль Грачыха / фота з сацсетак
Былому байцу палка Каліноўскага Васілю Грачыху прысудзілі пяць гадоў калоніі. Яго судзілі разам з іншым каліноўцам — Васілём Верамейчыкам, якому прызначылі 13 гадоў калоніі.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", каліноўцаў абвінавацілі паводле дванаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сярод іх — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады, абраза Лукашэнкі, удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
Пра затрыманне Васіля Грачыхі стала вядома з выпуску навінаў на дзяржаўным тэлебачанні ў траўні 2025 году. Тады прапагандысты паказалі, як супрацоўнікі КДБ з аўтаматамі вялі мужчыну па балоцістай мясцовасці, а потым перавозілі верталётам. Падчас перавозкі ў яго на галаве быў чорны пакет, а рукі былі счэпленыя спераду пластыкавай сцяжкай.
Паводле інфармацыі прэс-службы палка Каліноўскага, Грачыха далучыўся да іх у траўні 2022 года, але ў чэрвені таго ж года пакінуў падраздзяленне па ўласным жаданні.
Верамейчыка і Грачыху трымаюць у СІЗА-1 у Калядзічах.