Экс-афіцэр мінскага АМАПу трагічна загінуў перад 50-годдзем
Сяргей Кісель / асацыяцыя ветэранаў спецназу "Гонар"
Трагічна загінуў экс-афіцэр Мінскага АМАП Сяргей Кісель. Гэта адбылося за тры дні да яго 50-гадовага юбілею, паведамляюць праваабаронцы з MAYDAY.
Вядома, што Сяргей Кісель служыў у трэцяй асобнай Чырванасцяжнай брыгадзе спецназа (в/ч 3214). Яна размяшчаецца ў мінскім мікрараёне Уручча на праспекце Незалежнасці.
Пахавалі афіцэра 19 сакавіка на радзіме ў вёсцы Казулічы ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пра гэта спачатку паведамілі яго калегі з мясцовай міліцыі. Прычынай гібелі называюць няшчасны выпадак, але падрабязнасці невядомыя.
На інтэрнэт-старонцы асацыяцыі ветэранаў спецназу МУС "Гонар" паведамленне пра смерць Сяргея Кісяля датаванае 15 сакавіка. Там ёсць таксама яго фота ў лейтэнанцкай форме.