Дзяржкантроль прыгразіў праверкамі адной з гандлёвых сетак

Крама, ілюстрацыйнае фота

Крама, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Дзяржкантроль пачаў праверку гандлёвай сеткі "Дабраном". Пра гэта ведамства заявіла ў сваім тэлеграм-канале.

Як расказвала Еўрарадыё, раней у гэтую гандлёвую сетку з праверкамі прыходзілі спецыялісты Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

"Кантрольныя мерапрыемствы будуць праведзеныя ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі ў адпаведнасці з планам выбарачных праверак на першае паўгоддзе 2025 года. Удзел у іх возьмуць прадстаўнікі МАРГ, органаў санітарна-эпідэміялагічнага нагляду, Дзяржстандарту", — удакладнілі ў Дзяржкантролі.

МАРГ у лютым праверыла не толькі "Дабраном", але і шэраг іншых гандлёвых сетак — "Святлафор", "Капеечка", "Суседзі" і "Хіт!" у розных гарадах краіны. Пры гэтым былі выяўленыя масавыя парушэнні.

Недахопы знайшлі ў 96% правераных крам "Капеечка" і 86% крам "Суседзі". У ліку парушэнняў называліся продаж пратэрмінаваных тавараў, неадпаведнасць асартыментных пералікаў і праблемы з цэннікамі. У сетцы "Хіт!" праверкі выявілі парушэнні ў кожнай краме, а ў палове з іх прадавалі прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.