Дырэктарка эталоннага калгаса 12 гадоў рабіла прыпіскі і збівала падначаленых

Таццяна Бялян / sb.by
"Чалавека года" ў Добрушскім раёне асудзілі двойчы. Высветлілася гэта толькі пасля другога суда, пра які паведамілі на гомельскім дзяржаўным тэлеканале. Імя "чалавека года" афіцыйныя СМІ не назвалі, але "Флагшток" высветліў, што гаворка ідзе пра Таццяну Бялян, якая раней была дырэктаркай сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ "Завідаўскае".
У 2023 годзе яе абвясцілі "Чалавекам года" ў Гомельскай вобласці. Потым жанчыну неаднаразова хвалілі ў афіцыйных СМІ — і ў раённых, і ў абласных, і ў агульнадзяржаўных. Апошні раз — увесну 2024 года.
А ўжо ўвесну 2025-га — вынеслі прысуд за прыпіскі. Аказалася, што некаторыя высокія паказчыкі ў працы гаспадаркі былі фальшывымі: дырэктарка 12 гадоў займалася прыпіскамі. У прыватнасці яна схавала падзеж 380 галоваў жывёлы.
Сёлета ў красавіку Бялян асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў: ёй прысудзілі чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. На судзе стала вядома, што яна збіла сваю галоўную бухгалтарку і кінула ў яе настольным гадзіннікам.
Пасля гэтага суда выявіліся новыя эпізоды, калі дырэктарка ўжывала фізічную сілу да падначаленых. пацярпелымі па новай справе праходзілі тры супрацоўнікі.
"Абвінавачаная ў машынна-трактарным парку схапіла трактарыста за адзенне і пачала штурхаць з боку ў бок, пакуль ён не паваліўся на спіну. Затым яна паставіла сваё калена яму на грудзі і нанесла не менш за два ўдары рукой па целе. Яна завяла мужчыну ў дыспетчарскую, дзе прыціснула яго сталом да сцяны, прычыніўшы яму фізічны боль і збіццё. Двойчы хапала брыгадзіра малочна-таварнай фермы за адзенне ў вобласці грудзей і спрабавала засунуць ёй у рот сілас, а ў другім выпадку нанесла ёй не менш за адзін удар па галаве", — апісвае пракуратура дзеянні дырэктаркі-самадуркі.
Бялян не прызнала сваю віну.
Якое пакаранне ёй прызначылі па другім судзе, не паведамляецца. Вядома, што на яго прывезлі кіраўнікоў мясцовых калгасаў — для прафілактыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.