Дырэктар ЖЭСа здымаў заробак з банкаўскіх картак супрацоўнікаў

Як мяркуюць спецыялісты, схема злачынства была прыдумана год таму. Менавіта тады кіраўніцтву камунальнай службы пачалі паступаць штрафы за неналежнае ўтрыманне двароў. Тады 46-гадовы кіраўнік аформіў дваіх чалавек на пасады дворнікаў, аднак за ўвесь час яны ні разу не выйшлі на працу.

Вось што распавяла ў каментары тэлеканалу "Беларусь 1" прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Мінска Ганна Чыж-Літаш: "Новым супрацоўнікам не трэба было выконваць ускладзеныя на іх функцыі. Але і зарплаты ў канцы месяца яны не атрымлівалі. Так на адно месца была аформлена сястра дырэктара, якая працавала ў іншым месцы. Другую пасаду заняў яго знаёмы, якому патрэбен быў працоўны стаж, але працаваць ён не хацеў. У выніку ў канцы месяца дырэктар здымаў з банкаўскіх картак супрацоўнікаў зарплату. Аплачваў штрафы, а астатнія грошы пакідаў сабе".

У дачыненні да затрыманага дырэктара ЖЭСа Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. У міліцыі ёсць здагадка, што за 10 гадоў працы на пасадзе кіраўніка гэта не адзіная махінацыя. У найбліжэйшы час мужчына будзе зняты з пасады.

Фота — bymedia.net