Двух замежнікаў злавілі ў Мінску на ўстаноўцы скімера на банкамат (фота)

Двух замежнікаў злавілі ў Мінску на ўстаноўцы скімера на банкамат (фота)

Упраўленне Следчага камітэта па Мінску пачало крымінальную справу на двух замежнікаў. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, іх вінавацяць у несанкцыянаваным капіяванні інфармацыі кліентаў банкаў.

Следства сцвярджае, што абвінавачаныя прыляцелі на самалёце ў Мінск напрыканцы ліпеня. Яны пасяліліся ў адным з гатэляў горада. Замежнікі прыбылі ў Мінск не проста дзеля турызму. На адным з банкаматаў у цэнтры горада яны ўсталявалі электронны скімер — спецыяльнае прыстасаванне для капіявання інфармацыі з банкаўскіх картак. Такім чынам яны спадзяваліся красці грошы з карт-рахункаў беларусаў.

Аднак давесці злачынны намер да канца гасцям Мінска перашкодзілі міліцыянты. Праваахоўнікі затрымалі іх якраз у момант, калі тыя здымалі прыбор з банкамата.

Паведамляецца, што затрыманыя не валодаюць ні рускай, ні беларускай мовамі. Таму ўсе следчыя дзеянні з іх удзелам вядуцца ў прысутнасці перакладчыка.

Пакуль што затрыманых узялі пад варту.