Двое дзяцей патанулі ў Гомельскай вобласці за выходныя
Рака Березіна / newsgomel.by
Побач з вёскай Горваль Рэчыцкага раёна загінуў 12-гадовы хлопчык. Паводле інфармацыі ратавальнікаў, ён быў на вадаёме разам з бацькам — у месцы, дзе купанне забароненае.
Як паведамляюць “Гомельскія ведамасці”, хлопчыка 2013 года нараджэння разам з бацькам пачало цягнуць плынню. Дзіця трапіла ў яму і знікла пад вадой. Падчас ратавальных работ яго знайшлі за 10 метраў ад берага на глыбіні 1,5 метра і перадалі медыкам, якія канстатавалі смерць.
Яшчэ адна трагедыя здарылася напярэдадні раніцай у Гомелі. На Ропаўскім возеры, побач з вуліцай Хмяльніцкага, патанула дзяўчына. Цела дасталі з вады прыкладна за 30 метраў ад берага, дзе глыбіня — каля двух метраў.
Абставіны абедзвюх трагедый высвятляюцца. МНС чарговы раз нагадвае: адпачынак на вадзе можа быць смяротна небяспечным, калі ігнараваць правілы бяспекі.
Таксама раней у аграгарадку Цімонава Клімавіцкага раёна трагічна загінуў 48-гадовы мужчына. Паводле МНС, раніцай 3 ліпеня ён прыйшоў да возера на вуліцы Набярэжнай, каб сарваць для жонкі вадзяныя лілеі. Цела загінулага знайшлі за дзесяць метраў ад берага.