Два нецвярозыя літоўцы перайшлі праз мяжу ў Беларусь

Двух вельмі нецвярозых літоўцаў затрымалі памежнікі ў Ашмянскім раёне зранку 20 студзеня. Парушальнікі знаходзіліся за 20 м ад лініі мяжы, паведамляе сайт Памежнага камітэта.

Высветлілася, што маладыя людзі жывуць у адной з памежных вёсак Літвы. Напярэдадні яны адзначалі сустрэчу, а потым пайшлі шукаць прыгоды ў суседнюю вёску. Аднак нецвярозыя літоўцы заблукалі, незнарок перайшлі мяжу і апынуліся ў Беларусі.

Падчас агляду выявілася, што ўзровень алкаголю ў крыві затрыманых парушальнікаў дасягаў 2,64 праміле.

Ім вынеслі папярэджанне і дэпартавалі. Акрамя таго, літоўцам забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі на 2 гады.

Фота — 5min.by