Другі Чарнобыль для Беларусі: куды паляціць радыяцыя ў выпадку аварыі на ЗАЭС
 
  Акупаваная электрастанцыя ў Энергадары / AFP
МАГАТЭ, ААН, Украіна і Расія гавораць пра катастрофу, якая можа здарыцца праз баявыя дзеянні ля Запарожскай АЭС, але адключаць станцыю ніхто не спяшаецца. У выпадку трапляння снарада ў адключаную АЭС выкіды былі б значна меншыя, упэўнены фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. Пакуль радыяцыя можа даляцець і да Мінска, і да Крамля.
Еўрарадыё даведалася, ад чаго залежыць распаўсюджванне радыяцыі, якімі будуць наступствы і як можна мінімізаваць рызыкі.
Больш за палову Беларусі можа накрыць радыяцыяй
У якім кірунку, як хутка будзе рухацца і асядаць радыяцыя, залежыць ад надвор'я. Аўстрыйскія навукоўцы ў праекце "Гнуткія механізмы для ацэнкі ядзерных рызык у Еўропе" палічылі, наколькі яна можа разляцецца, калі адбудзецца аварыя на ЗАЭС.
— Выпадзенне цэзію-137, небяспечнага радыенукліду, на глебу можа адбывацца ў радыусе некалькіх сотняў кіламетраў у такіх канцэнтрацыях, што давядзецца адсяляць населеныя пункты. На чатыры-пяць сотняў кіламетраў канцэнтрацыя цэзію на глебе будзе такая, што будзе вельмі складана весці сельскую гаспадарку, — кажа Андрэй Ажароўскі.
 
На карце відаць, які радыеактыўны "хвост" дасць выбух на Запарожскай АЭС. Сіняя яго частка азначае, што канцэнтрацыя цэзію не перавышае норму. А чырвоная і жоўтая — гэта сур'ёзныя праблемы для сельскай гаспадаркі, тлумачыць эксперт. З чырвонай зоны можа спатрэбіцца эвакуацыя.
— Калі-небудзь ваенныя дзеянні скончацца, а радыеактыўныя забруджванні застануцца. Чарнобыль не абмежаваўся трыццаццю кіламетрамі.
Украінскі гідраметэаралагічны інстытут таксама пралічыў мадэль распаўсюджвання радыяцыі ў адпаведнасці з умовамі надвор'я. Калі б аварыя адбылася 15–18 жніўня, радыеактыўнае воблака накрыла б каля паловы тэрыторыі Беларусі з поўдня і захаду.
"Мы не ведаем усяго спіса наступстваў"
Асноўная небяспека ў выпадку аварыі — траплянне радыенуклідаў унутр чалавека, адзначае Ажароўскі.
— Пасля Чарнобыля велізарная колькасць анкалагічных захворванняў была звязана з тым, што ў лёгкія людзям траплялі радыенукліды, асядалі там і апрамянялі знутры. Быў праведзены натурны эксперымент у 1986 годзе. Вось будзе поўнамаштабнае паўтарэнне радыеактыўнага пекла.
Эвакуацыя, мабыць, будзе запозненая. Нават на Фукусіме так было. Велізарная колькасць людзей будзе падведзена пад рызыку. Па Чарнобылі мы ведаем, што ў Польшчы нібыта няма такога следу. А там чамусьці ў восемдзесят шостым і сёмым гадах быў рэзкі рост колькасці мёртванароджаных дзяцей. Мы нават не ведаем цалкам усяго спіса наступстваў, якія гэтая пякельная атамная энергетыка можа прынесці.
Нават у ААН забыліся сказаць пра адключэнне станцыі
 
Траплянне снарада ў рэктар, які не працуе, або сховішча ядзерных адходаў вельмі небяспечнае. Але там няма высокай тэмпературы і ціску, якія выплюхваюць радыяцыю на сотні кіламетраў.
— Калі рэактары заглушаныя, то радыус уздзеяння можа абмежавацца некалькімі дзясяткамі кіламетраў, але там усё будзе вельмі дрэнна, — працягвае фізік. — Пры гэтым чаго я не пачуў на экстранным пасяджэнні Савета Бяспекі ААН [прайшло 11 жніўня па сітуацыі на ЗАЭС. — Еўрарадыё] — гэта патрабаванні неадкладна спыніць рэактары. Разумею, што нейкім людзям патрэбна электраэнергія, але цяпер ва Украіне прамысловасць не шмат жа спажывае, праўда? Напэўна, можна іншымі спосабамі гэтыя раёны падключыць да сілкавання.
 
     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
