Дроны атакавалі Курскую АЭС, порт Усць-Луга і НПЗ у Сызрані

Пажар у порце Усць-Луга / @astrapress
Уначы на 24 жніўня расійскія рэгіёны падвергліся масіраваным атакам беспілотнікаў. У прыватнасці, пацярпелі порт Усць-Луга ў Ленінградскай вобласці і Сызранскі нафтаперапрацоўчы завод у Самарскай вобласці. Таксама адбыўся пажар на Курскай АЭС.
У Мінабароны Расіі адсправаздачыліся пра 152 збітыя СПА беспілотнікі над 15 рэгіёнамі, анэксаваным Крымам і ў акваторыі Чорнага мора, піша “Новая Газета. Еўропа”.
У прэс-службе Курскай АЭС паведамілі, што пры падзенні абломкаў дрона быў пашкоджаны трансфарматар уласных патрэб. Ратавальнікі патушылі агонь, у выніку чаго блок нумар 3 быў разгружаны на 50 працэнтаў. Цяпер на Курскай АЭС працуе адзін энергаблок. Пацярпелых няма.
Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведаміў, што абломкі БПЛА ўпалі ў порце Усць-Луга на тэрыторыі кампаніі “НОВАТЭК”, якая займаецца здабычай прыроднага газу. Узнік пажар. Пацярпелых няма.
Акрамя гэтага, было атакавана прамысловае прадпрыемства ў Сызрані, расказаў губернатар Самарскай вобласці Вячаслаў Фядорышчаў. Мясцовыя тэлеграм-каналы пішуць, што аб'ектам атакі стаў Сызранскі НПЗ. Папярэдне, пацярпелых няма.
Паводле hromadske, Сызранскі НПЗ ужо падвяргаўся нападам у лютым, сакавіку і жніўні гэтага года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.