Донары пацвердзілі, што фонд Мельнікавай у сакавіку атрымаў грошы

Анжаліка Мельнікава ў ПАСЕ

Анжаліка Мельнікава ў ПАСЕ / Каардынацыйная рада

У сакавіку на рахунак фонду зніклай Анжалікі Мельнікавай Białoruś Liberty прыйшлі грошы паводле гранту для Каардынацыйнай Рады. Пра гэта паведаміла цяперашняя выканаўца абавязкаў спікеркі КР Станіслава Гліннік.

Пасля паведамлення пра грошы, якія прыйшлі перад знікненнем Мельнікавай, КР звярнулася да донараў па пацвярджэнне гэтых звестак. "Мы зрабілі запыт донарам. Яны адказалі, што першы транш быў сапраўды пераведзены ў сакавіку", — перадае "Зеркало" словы Гліннік.

Аднак яна адмовілася сказаць, колькі дакладна грошай атрымаў фонд Мельнікавай, спаслаўшыся на адпаведную дамоўленгасць з донарамі. У некаторых СМІ агучвалі суму ў 100 тысяч еўра.

Гліннік адзначае, што сябры КР не маюць доступу да банкаўскага фонду Białoruś Liberty.

У нагляднай радзе фонду лічыцца адзін чалавек (інфармацыі пра іншых удзельнікаў у адкрытых крыніцах няма) — афіцыйная прадстаўніца "Кіберпартызанаў" Юльяна Шаметавец. Раней яна пацвярджала, што аб'яднанне атрымлівала сродкі праз гэтую арганізацыю. Паводле яе, на рахунках фонду завіслі "некалькі дзясяткаў тысяч долараў", прызначаных для "Кібераў".

Гліннік кажа, што цяпер іншыя ўдзельнікі фонду спрабуюць атрымаць доступ да кіравання ім. Яны пачалі працэдуру змены старшыні фонду. Гэты працэс можа заняць да месяца і больш — усё залежыць ад працы польскіх бюракратычных службаў, адзначае Гліннік. Пасля гэтага стане ясна, ці ёсць грошы на рахунках.

Выканаўца абавязкаў спікеркі КР дадае, што вылучаны грант быў першым, які донары ўхвалілі для дзейнасці КР трэцяга склікання. Ён прызначаўся для аплаты працы медыягрупы і правядзення афлайн-паседжанняў КР. Праект быў разлічаны на год.

Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай стала вядома 28 сакавіка. Апошні раз жанчына выходзіла на сувязь 25 сакавіка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.