"Добрыя рускія" мусяць адмовіцца ад замаху на суверэнітэт Беларусі — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Беларускія і расійскія дэмсілы не маюць падставаў для больш шчыльнай супрацы праз "розны кантэкст і мэты". Пра гэта лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская заявіла ў эфіры ютуб-канала "І грымнуў Грэм".
Паводле яе, ад расійскіх дэмсілаў беларусы чакаюць аднаго — адмовы ад імперскіх памкненняў.
"Адзінае, што мы транслюем для "добрых рускіх", скажам так, — гэта тое, што яны павінны заяўляць, што калі яны адаб'юць сваю краіну, будуць нейкія працэсы ў Расіі, яны не будуць замахвацца на суверэнітэт і незалежнасць постсавецкіх краін, у прыватнасці Беларусі, Украіны, Малдовы, Грузіі. І яны прытушаць свае імперыялістычныя амбіцыі, таму што кожная краіна мае права выбіраць тую будучыню, якую хоча сама", — патлумачыла Ціханоўская.
Таксама яна паведаміла, што праз два тыдні ў яе запланаваны візіт у ЗША. Там павінны адбыцца сустрэчы з з прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа і з кангрэсменамі. Беларускія дэмсілы пастараюцца данесці ім пазіцыю, што свабодная Беларусь — таксама ў інтарэсах Злучаных Штатаў.
"Я не думаю, што на дадзены момант у адміністрацыі Трампа выпрацаваная нейкая пазіцыя па Беларусі. Гэта відавочна не прыярытэт на дадзены момант. Але мы бачым, што Дзярждэпартамэнт робіць спробы па вызваленні палітвязняў, і мы гэта вітаем", — адзначыла Ціханоўская.
Яна нагадала, што ў часы прэзідэнтцва Байдэна пачаўся стратэгічны дыялог з ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.