Для прэзідэнцкай VIP-ложы на "Чыжоўка-Арэне" купляюць мыечную ванную (фота)
Інфармацыя пра гэта змешчаная на сайце дзяржаўных закупак.
Для абсталявання прэзідэнцкай VIP-ложы купляюць кутні стол з убудаванай мыйкай колеру венге, калясценнае абсталяванне бару, барную стойку, канапы, журнальныя сталы, а таксама ванну мыечную 2-х секцыйную з нержавеючай сталі. Датай заканчэння прыёму прапановаў пазначанае 31 кастрычніка, а крыніцай фінансавання — мясцовы бюджэт.
Дарэчы, на "Чыжоўка-Арэне" будзе і асобная ад прэзідэнцкай VIP-ложа.
Нагадаем, у аўторак кіраўнік Беларусі правёў нараду, прысвечаную пытанням падрыхтоўкі і правядзення хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка быў вельмі незадаволены тым, што тэрміны здачы "Чыжоўка-Арэны" зацягваюцца. Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька паведаміў, што да 7 лістапада, калі аб'ект мусіў быць здадзены, увядуць толькі "першы пускавы комплекс". Цалкам арэну павінны здаць у эксплуатацыю толькі да 15 снежня (цяпер завяршаецца аддзелка фасадаў), сказаў Ладуцька.
"Вы мне тройчы абяцалі здаць аб'ект да 7 лістапада і не выканалі ўласныя абяцанні! — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы ж ужо праносілі тэрміны! І выдумалі нейкія пускавыя комплексы!".