Для незвычайных цукерак у Беларусі пабудавалі новую фабрыку

Скрыншот з фільма "Вонка", фота ілюстрацыйнае / Warner Bros
Кандытарскую фабрыку для вытворчасці ласункаў з сухога малака адкрылі ў Віцебскай вобласці. Там будуць вырабляць прэсаваныя цукеркі на аснове сухога малака і малочныя снекі-пасцілкі, піша часопіс "Эканоміка Беларусі".
Калі фабрыка запрацуе на поўную магутнасць, яна зможа выпускаць 360 тон цукерак і кандытарскіх вырабаў у год. У асноўным гэта тыя самыя пастілкі (252 тоны), яшчэ 10 тон цукерак на палачцы і больш за 90 тон іншых відаў цукерак.
Паспрабаваць галоўны хіт новай фабрыкі можна ўжо цяпер, пакуль што іх вырабляюць на бабруйскай "Камунарцы".
"Гэтыя цукеркі мы ўжо прадаём у нашых фірменных крамах і ў бліжэйшы час пачнём пастаўляць у камбінаты школьнага харчавання", — кажа Сяргей Анюхоўскі, гендырэктар "Камунаркі".
У крамах некаторыя віды малочных цукерак з 2023 года прадаюцца пад назвай "Дзіцячыя гісторыі".
Дарэчы, іншая беларуская кандытарская фабрыка "Чырвоны Мазыранін" адкрыла лінію па вытворчасці ірысак з сямю смакамі, а яшчэ казінакаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.