Дэпутат: Дэкрэт Лукашэнкі не парушае правоў працоўных
15 снежня кіраўнік дзяржавы падпісаў дэкрэт №5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".
З 1 студзеня 2015 года ў Беларусі набудзе моц дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый". Ён накіраваны на выкараненне безгаспадарчасці, умацаванне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, а таксама спыненне фактаў працаўладкавання нядобрасумленных кіраўнікоў на новую кіруючую пасаду.
Разам з тым дэкрэт дае кіраўнікам дадатковыя правы. У прыватнасці, кіраўнікі арганізацый атрымаюць права змяняць істотныя ўмовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі вытворчымі, арганізацыйнымі або эканамічнымі прычынамі. Пры гэтым яны будуць абавязаныя папярэдзіць работніка не менш чым за 7 каляндарных дзён (цяпер — за месяц).
Еўрарадыё пацікавілася ў намесніка старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ігара Станкевіча (на здымку), ці не парушэнне гэта правоў працоўных?
Станкевіч: "Ніякага парушэння я тут не бачу. Таму што, для таго, каб вырашыць праблему, і вырашыць аператыўна нейкія пытанні, звязаныя з арганізацыяй вытворчасці ў сучасных умовах, мне падаецца, гэтая норма будзе больш дзейнай у плане хуткага прыняцця рашэнняў".
Адзначым таксама, што, паводле дэкрэту, кіраўнік зможа пазбаўляць прэміі работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, — на тэрмін да 12 месяцаў (цяпер мерамі дысцыплінарнага спагнання з'яўляюцца заўвага, вымова і звальненне).