ДАІ хоча павялічыць хуткасны рэжым на асобных участках МКАД
А таксама на дзвюх буйных вуліцах Мінска.
Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя плануе змяніць хуткасны рэжым на асобных участках Мінскай кальцавой аўтадарогі ў бок павелічэння. Як паведаміла БЕЛТА кіраўніца прэс-службы сталічнай ДАІ Таццяна Харлінская, увосень мінулага года на пэўных адрэзках МКАД ужо дазволілі рухацца з хуткасцю 100 км/г. Аналіз сітуацыі з аварыйнасцю ў гранічнай левай паласе на гэтых участках дарогі паказаў, што павышэнне хуткасці не прывяло да росту дарожных здарэнняў. Таму ў будучыні разганяцца да “соткі” могуць дазволіць і на іншых адрэзках кальцавой.
Апроч таго, павелічэнне хуткасці плануецца і ўнутры горада. Хуткасць да 70 км/г дазволяць на Даўгінаўскім тракце на ўчастках ад МКАД да Будслаўскай, а таксама ад павароту да лякарні ў Навінках да завулка Чарвякова. Гэта павінна адбыцца ў другім квартале 2015 года.
Змена хуткаснага рэжыму магчымая і на праспекце Дзяржынскага — ад вуліцы Шчорса да вуліцы Голубева. Але дзеля гэтага трэба адгарадзіць праезную частку ад пешаходаў, якія прызвычаіліся перабягаць яе, ігнаруючы падземныя пераходы.
Ілюстратыўнае фота з сайта belarus.by