Дачнікам хочуць забараніць капаць больш за адну сажалку на ўчастку — гэта чаму?

Сажалка, фота ілюстрацыйнае / unsplash
Беларусам хочуць забараніць абсталёўваць на ўчастках больш за адну сажалку і строга абмежаваць яе максімальныя памеры. Гэтыя змены запланаваныя ў новай рэдакцыі Воднага кодэкса Беларусі. Дэпутаты ўжо прынялі яго ў першым чытанні.
У Міністэрстве прыроды сцвярджаюць, што абмежаванні заснаваныя на навуковых даследаваннях, а таксама на скаргах. Міністр прыроды Сяргей Масляк растлумачыў мэтазгоднасць такіх змен на прыкладзе.
Напрыклад, у чалавека ёсць два вялікія сумежныя ўчасткі. На адным ён пабудаваў дом, а на другім выкапаў вялікі вадаём. У выніку падземных водных запасаў можа не хапіць суседзям — у іх могуць нават высахнуць калодзежы!
"Адпаведна, мы ўнеслі такую прапанову, каб абмежавацца адным аб’ектам і ўсталяваць для яго канкрэтныя параметры", — цытуе міністра БелТА.
Ініцыятары праекта кажуць, што гэтая норма дапаможа яшчэ і наладзіць адносіны паміж суседзямі. Але закон не мае зваротнай сілы — закапваць другі вадаём вас не прымусяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.